Мастацтва. Студзень 2007.
Алеся Белявец.
«Новыя грані», «другая хваля» – складнікі назваў нядаўніх выстаў маглі б сведчыць пра якасны пераварот у беларускім мастацтве.
На жаль, ні выстава «Тэхна-арт» у мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» не выявіла абяцаных новых граней твораў, звязаных з сучаснымі тэхналогіямі, ні выстава фатаграфіі ў кінатэатры «Перамога» (работы выпускнікоў вучэбных студый «Творчых майстэрняў» Акадэміі мастацтваў) не сталася дэклараванай другой хваляй у развіцці беларускай фатаграфіі, якая выйшла на новы, «лічбавы» фармат».
Высокі ўзровень валодання тэхнікай ці добрае веданне камп’ютарных праграм ніяк не гарантуюць з’яўлення чагосьці сапраўды новага, творчага і крэатыўнага. І самі па сабе яны ніяк не выклічуць тую новую хвалю (ды ўжо няважна, у якім відзе мастацтва, галоўнае – каб хоць недзе пачалося!), якая насамрэч усімі так чакаецца.
Дарэчы, прыклад на кантрасце: галерэя NOVA арганізавала экспазіцыю лепшых з тых работ, што выстаўляліся цягам 10 гадоў яе існавання. Куратары сцвярджаюць, што выбар быў суб’ектыўны, але пры гэтым дадаюць: «Усё ж агульная прыкмета ў гэтай выбарцы маецца: усе адабраныя для экспазіцыі працы максімальна фатаграфічныя, то-бок застаюцца ў рэчышчы ідэі фатагеннага запісу бачнай (адчувальнай) рэальнасці».
У экспазіцыю не ўвайшлі работы з істотнай камп’ютарнай апрацоўкай, бо мастацкая фатаграфія «нараджаецца ў зоне ўзаемадзеяння як мінімум двух палёў – выпадковасці і неспасцігальнасці». У гэтай зоне і быў выбудаваны візуальны шэраг экспазіцыі: ад «выпадковага» фотаздымка І. Саучанкі «Кадр нумар 19, які застаўся чамусьці незаэкспанаваным» да «неспасцігальнага» твора У. Парфянка з цыкла «Недакладныя факты з месца падзей».
Як спалучыць мастацтва і тэхналогіі і застацца пры гэтым на пранізлівай вастрыні інтэлектуальнага адкрыцця? Адказаць на гэта могуць творы, з’яўлення якіх мы так чакаем (разумеючы пры гэтым, што тэхналогіі ў нас – рэч параўнальна новая, а мастацтва нашае не мае звычкі развівацца надта імкліва).
Паперадзе ўсяго павінна стаяць мастакоўская інтэнцыя – гэта асабліва востра адчувалася на выставе польскага фатографа К. Гералтоўскага (галерэя «Свет фота»).
Ён бясспрэчны майстар, нястомны партрэтыст, даследчык чалавечага твару. Аднак прызнаецца, што звычайных людзей фатаграфуе рэдка. Ён – аўтар унікальнага фатаграфічнага цыкла (80 тысяч негатываў) партрэтаў знаных палякаў.
Ён распрацаваў свой адметны фатаграфічны стыль яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Імпульс яму далі эксперыменты з шырокавугольным аб’ектывам, калі ён знайшоў той спосаб яго прымянення, пры якім аб’екты не скажалі твар, але крыху ссоўвалі прапорцыі. Такім чынам можна было дасягаць неверагоднай экспрэсіі вобраза. Паступова тэхнічныя сродкі мяняліся, сёння мастак актыўна скарыстоўвае і камп’ютарныя эксперыменты з вобразам.
У партрэты апошніх дзесяцігоддзяў фатограф уводзіць колер, якім ён свядома аперыруе, дасягаючы незвычайнага драматургічнага эфекту. Падабенства – не галоўная мэта К. Гералтоўскага. Фатаграфуючы чалавека, ён перадае свае адносіны да яго, сваё разуменне людзей і свету. І тут магчымы любыя сродкі. «Партрэтам можа быць цень, арыстакратычна складзеныя рукі, паголеная макушка ці бляск вачэй у цемры…»
Гэта можа быць што заўгодна, галоўнае – стварэнне вобраза, гульня, суб’ектыўная і шматзначная. Фатографу важна, каб твар штосьці азначаў. Важна да такой ступені, што ён відавочна змушае людзей іграць – кагосьці або саміх сябе. І дапрацоўвае ўражанне, дасягае новага эфекту – выразнага, правакацыйнага.
Колер змяніў многія рэчы ў яго творах. Экспрэсія кантрасту чорнага і белага змянілася драматургічнымі знаходкамі. Але каб параўноўваць, трэба ведаць і іншыя аспекты творчасці майстра. Будзем спадзявацца, што знаёмства з К. Гералтоўскім працягнецца і мы неўзабаве зноў убачым яго творы на мінскіх выставачных пляцоўках.