Мастацтва. жнівень 2007.
Андрэй Корбут.
Фатограф-дыягност… Гэты вобраз узнікае кожны раз, калі пачынаецца гаворка пра тое, што фатаграфія здольная пранікаць у рэальнасць, выяўляць у ёй і глыбока схаванае, і абсалютна відавочнае. Будзённасць, спыненая, падсвечаная святлом, што зыходзіць з аб’ектыва (і якая выпраменьвае святло, што можа быць уловлена), кожнадзённасць, натуральней за якую нібыта нічога і быць не можа, натуральнасць, умовы якой не абавязкова драматычныя, хутчэй наадварот: яна сама з’яўляецца умовай драмы – яна мусіць стаць негатывам, цемра павінна быць высвечана, а святло – пагружана ў цень. І тады чалавек, ці голуб, ці сабака, ці дом, ці машына, ці карусель – увогуле ўсё, што трапіла на фатаграфію, – становяцца не толькі бачнымі, але і існуючымі.
Фатограф, які дыягнастуе рэальнасць, выяўляе знакі існавання, нават калі яны не супадаюць з тым, што лічыць знакамі існавання кожны з нас. Чым жа фатаграфіі дыягноста адрозніваюцца ад фатаграфій іншых людзей? Тым, што ў іх дастатковая ступень дакладнасці, каб мы не зблыталі іх з фатаграфіяй простай, звычайнай. І гэтая дакладнасць – не дакладнасць выявы, гэта дакладнасць рукі, што спускае затвор. Здаецца, што фатаграфуе фатограф, што гэта ён бачыць ці, дакладней, адчувае, бо глядзячы на зробленыя ім здымкі, мы бачым яго адчуванні. Таму нельга сказаць, што фатаграфія – толькі аптычны феномен.
(Як нельга сцвярджаць і таго, што гэта «яго» адчуванні, бо, па словах Алены Пятроускай, «“мая” фатаграфія заканамерна змяняецца якой заўгодна фатаграфіяй» з-за таго, што «“мой” афект сёння апрыёрна сацыяльны».)
Мы бачым здымак, але бачым не выяву, а цэлы свет, які перабудоўваецца такім чынам, каб усе пачуцці, якія маглі быць перажытыя намі, сталі даступнымі пры дапамозе зроку. Задача фатаграфіі – «загладзіць групавы афект, групавыя “структуры” пачуцця, апазнаўшы і выцягнуўшы іх з нівелюючай плыні часу». У гэтым выпадку фатаграфія пачынаецца не са зроку і не заканчваецца адлюстраваннем. Каб яна стала магчымай, фатограф павінен не лічыцца з нашымі пачуццямі.
Тое, што праходзіць міма нас незаўважаным (ці нават не праходзіць, а пераходзіць з неіснавання ў неіснаванне, яго няма ў самым строгім сэнсе слова), для яго складае элемент свету, які можа набыць рэальнасць, калі атрымае фатаграфічнае ўвасабленне. Фатограф фатаграфуе, дыягнастуе рэальнасць, выяўляе сімптомы свету і расшыфроўвае іх, паказвае, які ёсць свет – не бачны намі, але акаляючы нас, і якія мы самі – не такія, якімі сабе здаемся ці іншыя нас бачаць, але якімі мы ёсць, мы-натуральныя: якія разгублена стаяць на заводскай ускране, ідуць дахаты пасля працы, смяюцца, гледзячы ў аб’ектыў, чакаюць аўтобуса, мы-існыя.
Але з чаго пачынаецца дыягностыка? Што становіцца прадметам фатаграфічнага дзеяння? Дыягност сказаў бы: усё. Але ці варта давяраць фатографам? Хто ці што робіць іх фатографамі? Хто ці што ператварае спуск затвора фотаапарата ў працэс фатаграфавання? Адказ – фатаграфія. Гэта фатаграфія фатаграфуе, і мы давяраем ёй, нават калі не давяраем фатографу.
Мы ведаем, што фатаграфію можна падрабіць, але толькі здзейсніўшы нешта над ёй, сказаўшы яе. Першапачаткова яна гаворыць сама за сябе, і гаворыць яна не абавязкова тое ж, што фатограф. Фатаграфія можа (павінна?) фатаграфаваць не тое, што фатаграфуе фатограф. І справа тут не ў безлічы дэталяў, якія трапляюць на плёнку, але не заўважаюцца вокам.
Ёсць нейкая таямніца ў твары дзіцяці, што выпадкова засталася ў куточку здымка, ці ў дэталях адзежы, ці ў жывёлах, шляхі якіх выпадкова перасекліся з намі – але калі яна і ёсць, дык гэта толькі таямніца назіральніка, яго вока, якое не проста вандруе па здымку, але здзяйсняе высілкі. Але гэта не таямніца фатаграфіі, таму што фатаграфія фатаграфуе не свет, яна фатаграфуе магчымасць дзеяння, фатаграфічнага дзеяння.
Яна фатаграфуе час і месца магчымасці, не толькі ўласнай, але і любой фатаграфіі. Фатограф сказаў бы, што здымак адносіцца да поўнага месца і часу, якія аказваюцца істотнымі ў той меры, у якой фатограф убачыць іх незалежна ад сябе, у якой яго апаратура, устаноўленая там і тады, паказвае сфатаграфаваную прастору ў яе натуральнасці.
Але фатаграфія сказала: на здымку – свет, які можа быць зняты на плёнку, а значыць – свет, якога яшчэ няма, таму што яго яшчэ належыць сфатаграфаваць.
Па словах Поля Вірыльё, «фотаздымак з’яўляецца ўжо не кароткім успамінам, не фатаграфічнай памяццю пра больш ці менш далёкае мінулае, але нейкім імкненнем – імкненнем вызначыць будучае». Калі мы глядзім на здымкі і кажам: «Гэтыя людзі пазіруюць, яны ненатуральныя», ці: «Фатограф зафіксаваў людзей і рэчы ў іх звычайнасці, яго здымкі – праўда», мы думаем, што дыягназ можа быць дакладным ці памылковым, што ад гэтага залежыць жыццё – жыццё, якое павінна быць захаванае. Але фатаграфія не захоўвае жыццё.
Фатаграфія фатаграфуе і тым самым робіць тое, на што не здольны ніводны з нас, наколькі дасканала ні валодаў бы ён фатаграфічнай тэхнікай. Таму фатаграфія прымушае нас вучыцца жыць так, як мы яшчэ не ўмеем.