Гэта чарговая выстава з выставачнага праекта «Беларуская фатаграфія: на стыку стагоддзяў», які рэалізуецца галерэяй візуальных мастацтваў Nova цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы дзякуючы падтрымцы Інстытута адкрытага грамадства (OSI).
З’яўленне выставы старой беларускай фатаграфіі ў шэрагу выстаў сучаснай фатаграфіі зусім не выпадковае. Па-першае, нам цікава зрабіць своеасаблівую праекцыю сучаснай фатаграфіі Беларусі на яе падмурак, на гістарычны пласт беларускай фатаграфіі, і паспрабаваць адсачыць, ці захавалася нейкая непарыўная сувязь паміж старадаўняй традыцыяй беларускай фатаграфіі і яе сучасным абліччам. Па-другое, зважаючы на фрагментарны характар развіцця беларускай фатаграфіі і на тое, што беларуская фатаграфія не мае па сённяшні дзень сваёй напісанай гісторыі і канцэпцыі яе далейшага развіцця, нам падаецца вельмі карысным спрычыніцца да знішчэння «белых плямаў» у гісторыі беларускай фатаграфіі праз арганізацыю публічнага паказу работ малавядомых аўтараў першай паловы ХХ стагоддзя Міхала Зубея і Фёдара Ястрэмскага, а таксама малавядомых работ знакамітага беларуска-польскага фатографа Яна Булгака, творчая актыўнасць якога таксама прыпадае на першую палову ХХ стагоддзя.
Дапамаглі рэалізаваць гэтую задуму нам супрацоўнікі Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Адна частка экспазіцыйнага матэрыялу выставы «Адбіткі вечнасці» была запазычана менавіта з фондаў гэтых установаў (стэрэафатаграфіі Фёдара Ястрэмскага – з фондаў Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, фотапаштоўкі Яна Булгака – з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі). Другую частку экспазіцыі склалі фатаграфіі Міхала Зубея з прыватнай калекцыі Раманюкоў – ці не самага прадстаўнічага на сённяшні дзень прыватнага збору беларускай фатаграфіі. Без шчырай і бескарыслівай дапамогі сп. Надзеі Саўчанка, сп. Тамары Зайцавай і сп. Дзяніса Раманюка наўрад ці гэтая выстава была б магчымая ўвогуле.
Трэба сказаць, што гэта не першая спроба працы галерэі Nova з фатаграфічным матэрыялам, які мае надзвычайную гістарычную каштоўнасць. Прыгадайма выставу «Сховішча святла», гістарычная частка якой складалася з фатаграфій з прыватнага збору Раманюкоў (1997), і сумесны з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі выставачна-выдавецкі праект «Ян Булгак. Віленская элегія» – першы публічны паказ арыгіналаў фотаработ Яна Булгака з калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і пераклад эсэ Булгака «Krajobraz Wilenski» на беларускую мову (1999). Апошняя выстава зрабілася своеасаблівым «дэтанатарам» цэлага шэрагу падзей дзеля ўшанавання памяці пра нашага знакамітага майстра светлапісу.
Спадзяёмся, што і сённяшняя выстава не застанецца незаўважанай ні ўдумлівым гледачом, ні разважлівымі мас-медыя. З мноства крохкіх адбітачкаў мінулага можна скласці карціну Вечнасці…