Любы добры фотаздымак з’яўляецца канцэптуальным. Гэтая «канцэптуальнасць» ёсць якаснай прыналежнасцю да інтэлектуальнага прадукту, да шэрагу «думаючай» фатаграфіі. Аднак не варта параўноўваць фатаграфію з канцэптуальным мастацтвам, у якога свая гісторыя і традыцыя, а таксама з новымі жанрамі канцэптуальнага мастацтва, такімі як Media-Art і Photo-based-Art, дзе актыўна выкарыстоўваюцца высокія тэхналогіі і ў прыватнасці – фотавыява. Канцэптуальным і медыяльным мастацтвам займаюцца мастакі, а вось фатаграфіяй можа займацца хто заўгодна. Гэта з’яўляецца спецыфікай фатаграфіі. Ёю займаюцца інжынеры і навуковыя супрацоўнікі, работнікі сродкаў масавай інфармацыі і медыцынскіх устаноў, ею зарабляюць грошы, яе распрадаюць у рэкламе і абясцэньваюць у інтэрнэце.
Калі звярнуцца да гісторыі, то фатаграфію ў лепшых яе праявах стварылі мастакі і асэнсавалі філосафы. Яны прадставілі яе як від візуальнага мастацтва, як сродак перадачы мастацкіх ідэй. У іншым выпадку яна растварылася ў камерцыйных праектах і аматарскіх фотаальбомах і не было сэнсу паглыбляцца ў візуальную культуру і канцэпцыі, у роздум аб прыродзе фотавыявы. У гэтым кантэксце мяне заўсёды цікавілі некалькі пытанняў, якія тычыліся аўтара і яго творчасці ў фатаграфіі. Для чаго, як і што чалавек фатаграфуе?
Для чаго чалавек фатаграфуе і для каго прызначаны яго фатаграфіі?
Калі фатаграфуе для сябе, то ён аматар, і вынікам яго творчасці стане хатні фотаальбом. Калі фатаграфуе на заказ, то ён рамеснік і зарабляе грошы. Толькі мастак можа займацца фатаграфіяй дзеля мастацтва, і вынікам можа стаць выстава ці калектыўны праект, дзе праявяцца сэнс і каштоўнасць яго творчасці.
Як ён гэта робіць?
Фатаграфія нарадзілася як свайго роду эксперымент і да гэтага часу вылучаецца наватарствам і пошукам новых формаў выказвання. Колькі аўтараў, столькі ж меркаванняў і прынцыпаў працы з фотавыявай. Адны займаюцца фіксаваннем рэальнасці і часу, іншыя – фіксаваннем уласных ідэй сродкамі фатаграфіі. Адны захапляюцца працэсам фатаграфавання, другія больш працуюць з адзнятым матэрыялам, мантажуюць ці калажуюць выяву, заглыбляючыся ў іншыя пласты.
Фатаграфія – гэта нешта пастаянна новае ў візуальнай культуры, прынамсі, так было заўсёды і так павінна быць. Прывяду ў прыклад Родчанку і яго «няправільную» фатаграфію, якая з часам стала канонам і набыла статус «акадэмічнай». Аднак у фатаграфіі існуе шмат кліша, стыля падачы выявы і, як вынік, плагіяту. На жаль, большасць сучасных аўтараў «топчацца» дзесьці ўсярэдзіне мінулага стагоддзя, засвойваючы досвед папярэдніх пакаленняў. Я не хачу соты раз паўтараць Карць-Брэсона, мне гэта проста нецікава, і нецікава глядзець, як гэта спрабуюць зрабіць іншыя. Аргінальнасць аўтарскага бачання, пошук і эксперымент – прынцыпы актуальнай сучаснай фатаграфіі і сучаснага мастацтва ў цэлым.
Што чалавек фатаграфуе?
Фатаграфія для мяне – гэта адкрыццё, гэта якраз тое, што ненатуральна для сятчаткі вока, тое, што па-лохае ці радуе, узбуджае сваёй ненатуральнасцю. А натуральныя віды – гэта шэрасць і банальнасць, ад якіх трэба пастаянна пазбаўляцца ў сваім асяроддзі. Я не даведаўся б пра Родчанку, калі б ён здымаў натуральныя віды. Уласнае бачанне і ненатуральная рэальнасць фатаграфій зрабілі яго аўтарам. Фатаграфія не існуе без аўтара і без ідэй. Сэнс выявы – замацаваць рэальнасць, момант, стан, час, ідэю, што па сутнасці ўжо дастаткова канцэптуальна.