Святлапіс на "агнявую" тэму. Фатограф-пажарнік Рыгор Міранскi.
Перада мною стары фотаздымак. На ім – ваеннай выпраўкі чалавек у пажарным мундзіры і бліскучай касцы. Невялікая клінападобная бародка, пышныя вусы. Спакойны і адкрыты твар упэўненага ў сабе чалавека. Жывы і, бадай, пранізлівы пагляд цёмных вачэй. На грудзях – узнагародныя знакі і медалі. Такім праз дзесяцігоддзі паўстае Рыгор Міранскі – таленавіты фатограф, уладальнік фотаатэлье ў цэнтры Мінска і... прафесійны работнік пажарнай службы.
Згадзіцеся, даволі дзіўнае спалучэнне. Але ўсё тлумачыцца проста. У тыя часы служба ў гарадскіх добраахвотных пажарных камандах лічылася справай ганаровай і не аплачвалася. Занятак жа моднай тады фатаграфіяй даваў хоць невялікі, але сталы прыбытак. Аднак сам выбар занятку наводзіць на роздум: не гандлем, скажам, заняўся наш герой, а фатаграфіяй. Відаць, любае было яму гэтае мастацтва, якое патрабавала спецыяльных ведаў, грунтоўнай практыкі і абавязкова – мастацкага густу.
Дарэчы, прыклад Міранскага не быў адзінкавы. Уласныя фатаграфіі мелі і іншыя пажарныя. Так, Майсей Анефатэр трымаў фотаатэлье на рагу вуліц Паліцэйскай і Шырокай у Мінску і па сумяшчальніцтву служыў другім памочнікам старшыні атрада лазуноў Мінскага Вольна-Пажарнага Таварыства (ВПТ), а Гірш Блюмін трымаў фотаатэлье і служыў памочнікам старшыні атрада лазуноў Вольна-Пажарнага Таварыства ў Рэчыцы.
3 цудам ацалелых анкетных звестак даведваемся, што мешчанін Рэжыцкага павета Віцебскай губерні Гершэн Абрамаў Міранскі, іудзейскага веравызнання, нарадзіўся 25 лютага 1875 года.
9-гадовым узросце ён паступіў на службу ў згаданае Мінскае Вольна-Пажарнае Таварыства. У 1902 г. пасля васьмі гадоў выканання абавязкаў шараговага ахвотніка Міранскі выбіраецца на пасаду старшыні атрада трубнікаў (НГАБ, ф. 503, воп. 1, спр. 103, арк. 3). "Найбольш смелы, дакладней сказаць, адчайны, спрытны і моцны пажарны прызначаецца "трубнікам". Падчас пажару ён накіроўвае, куды трэба, струмень вады, трымаючы ў руках наканечнік рукава. Яго адвага надзвычайная", – піша ў сваім невялікім апавяданні пісьменнік Аляксандр Купрын. I такіх адважных людзей у падначаленні Міранскага было каля 65 чалавек.
А вось пералік узнагарод, атрыманых ім за службу ў Таварыстве. Бронзавы і сярэбраны ўзнагародныя знакі Імператарскага Расійскага Пажарнага Таварыства (1904 і 1912 гг.), сярэбраны і залаты медалі "За усердие" для нашэння адпаведна на Станіславаўскай і Аляксандраўскай стужцы (1908 і 1916 гг.), сярэбраны і залаты арлы на каску за адпаведна 15-і 20-гадовую выслугу ў Мінскім ВПТ. Скажам яшчэ пра званне "Ганаровы патомны грамадзянін" (НГАБ, ф. 503, воп. 1, спр. 103, арк. 3 – 5).
Поруч з кіпучай дзейнасцю ў Мінскім ВПТ Рыгор Міранскі актыўна займаецца фатаграфіяй, якая таксама стала справай ягонага жыцця.
На жаль, невядома, дзе і калі ён вучыўся мастацтву фатаграфіі, але ў 1896 г. пасля ўсіх неабходных праверак разам з кампаньёнам Абрамам Левінманам атрымлівае дазвол мінскага губернатара на адкрыццё ўласнай фатаграфічнай установы (пасведчанне № 4037/91 ад 18.11.1896 г. – НГАБ, ф. 295, воп. 1, спр. 6600, арк. 1). Згодна з гэтым дакументам яна размясцілася па адрасу: Мінск, вуліда Губернатарская (цяпер – вуліца Леніна), дом Ярохавых. Аднак ужо праз два гады, у снежні 1898 г., Міранскі вырашае працаваць самастойна (Левінман адкрывае ўласнае фотаатэлье па Петрапаўлаўскай вуліцы, у доме Лесніка). Смелае рашэнне, бо канкурэнцыя сярод мінскіх фатографаў была сур'ёзная. У Мінску, дзе паводле перапісу насельніцтва 1897 г. пражывала 90,9 тысячы чалавек, на 1 кастрычніка 1898 г. налічвалася 11 фотамайстэрняў. А гэта для правінцыйнага горада колькасць унушальная.
"Цэнтральная фатаграфія Рыгора Міранскага" асталявалася на вуліцы Губернатарскай у доме Курлянда. Акрамя здымак партрэтаў удзень і з дапамогай электрычнасці ўвечары, а таксама іх павелічэння, у майстэрні выконваліся і іншыя працы. У рэкламе, змешчанай на фірмавых бланках "Цэнтральнай фатаграфіі", пісалася: "Фотаэмаль. Неацэнная рэч для падарункаў. Бірулькі, брошкі, запінкі і мальберцікі з фатаграфічных картак на эмалі. Відарысы г. Мінска" (НГАБ, ф. 503, воп. 1, спр. 103, арк. 49).
Некаторы час – з 28 чэрвеня 1901 г. па сакавік 1902 г. – Міранскі быў ўладальнікам фатаграфічнага салона ў Слуцку, а потым перадаў яго свайму былому мінскаму кампаньёну Левінману (НГАБ, ф. 295, воп. 1, спр. 7284, арк. 1).
Фатограф Рыгор Міранскі быў даволі рознабаковым майстрам і працаваў у розных выяўленчых жанрах. Працаваў паспяхова, бо ў 1904 г. на мастацкай і прамысловай выставе ў Ліёне (Францыя) яго творы былі адзначаны вялікім сярэбраным медалём, пра што сведчаць надпісы, змешчаныя на фірмавых бланках і фатаграфічных паспарту.
Вельмі папулярнай сярод насельніцтва ў тыя часы была партрэтная здымка. Мноства мужчынскіх, жаночых, дзіцячых, адзіночных, парных і групавых партрэтаў візітнага і кабінетнага памераў было выканана ў "Цэнтральнай фатаграфіі" Міранскага.
Шмат было зроблена і пейзажных фотавыяў, якія адлюстроўвалі пераважна гарадскую забудову Мінска. Відавыя фотаздымкі Міранскага вызначаліся строгай кампазіцыяй, удалым выбарам пункта здымкі, які выгадна падкрэсліваў архітэктурныя асаблівасці будынка. Відаць, таму яны так ахвотна набываліся выдаўцамі для вытворчасці паштовак. Такіх паштовак вядома некалькі – з відарысамі мінскіх вуліц Садовай (выдавецтва Іллі Каплана) і Хрышчэнскай (выдавецтва Рубінштэйна). Але, безумоўна, іх было значна больш, таму што відавыя паштоўкі, як правіла, выходзілі серыямі, якія складаліся з некалькіх дзесяткаў сюжэтаў.
Але, бадай, не партрэтная і архітэктурная здымкі вылучаюць імя Рыгора Міранскага. Ён – адзін з тых нешматлікіх мінскіх фатографаў, хто непасрэдна выязджаў на месца падзей і выконваў тэхнічна больш складаную рэпартажную здымку, якая патрабавала ўважлівага назірання за ходам з'явы, хуткай арыентацыі ў выбары найбольш выгаднага пункта здымкі, умелага выкарыстання святла і ракурсаў. Мы маем некалькі рэпартажных фотаздымкаў на блізкую Міранскаму "агнявую" тэму.
На адным з іх – будынак галоўнага пажарнага дэпо на Нова-Раманаўскай вуліцы. Дата здымкі – 6 жніўня 1911 г. – дзень, калі ў Мінску святкавалі 35-ыя ўгодкі Вольна-Пажарнага Таварыства. На невялікай, чыста прыбранай пляцоўцы – пастроеныя "ў карэ" пажарныя. 3 процілеглага боку стаяць музыканты, сцяганосцы і проста цікаўныя гараджане. У самым цэнтры гэтага жывога чатырохкутніка і разгортваецца асноўнае дзейства. Пад гукі духавога аркестра, у прысутнасці губернатара і іншых высокапастаўленых асоб старшыня ахвотнікаў Пётр Глінка праводзіць урачыстую працэдуру ўзнагароджання сваіх калег-пажарных. У глыбіні здымка – маса адметных дэталяў: дзеці, жанчыны ў розных позах, разнастайныя трэніровачныя прылады, часткі пажарнага абозу. Усе гэтыя элементы ствараюць лёгкі, недакучлівы фон, эфект асабістай прысутнасці ў часе, робяць здымак натуральным, жывым, "дзейным". Здаецца, зараз усе фігуры на ім ажывуць і пачнуць рухацца.
Фатограф імкнуўся даць панараму гэтай маляўнічай цырымоніі, таму размясціў свае апараты на верхніх паверхах пажарнага дэпо. Фігуры людзей выйшлі дробнымі, але за кошт кампазіцыі з выразным геаметрычным малюнкам выява атрымалася даволі гарманічнай.
Вядома, што шэраг фатаграфій Міранскага на пажарную тэму быў прадстаўлены на III Міжнародным пажарным кангрэсе і выставе пажарнага абсталявання, якія праходзілі 20 – 23 мая 1912 г. у Санкт-Пецярбургу. На жаль, самі адбіткі не захаваліся – пра іх мы даведаліся з архіўных дакументаў. Сярод іх – агульнае фота ахвотнікаў Вольна-Пажарнага Таварыства (памерам 30x60 см), пяць фотаздымкаў абозу двух аддзяленняў (24x30 см), два здымкі трубачысцільнай арцелі (18х24см), фотаздымкі "Жарэбчыкі" (18x24 см) і "Зімні ход" (НГАБ, ф. 503, воп. 1, с. 103, арк. 58). Стэнд з гэтымі фатаграфіямі выклікаў вялікую цікавасць у наведнікаў выставы. Вядома, што яго аглядаў вялікі князь Андрэй Уладзіміравіч і задаваў старшыні ахвотнікаў шмат пытанняў.
Былі ў майстра і работы на іншыя тэмы. Збераглася, напрыклад, рэпартажная фатаграфія медыцынскага персаналу перасовачнага ваенна-санітарнага шпіталя ў Мінску (1915 г.).
У 1918 г., калі Мінск быў заняты немцамі, а Вольна-Пажарнае Таварыства знаходзілася на краю гібелі, менавіта на Міранскага паводле рашэння сходу членаў Таварыства ўскладаецца часовае выкананне абавязкаў старшыні ахвотнікаў. Амаль праз два месяцы, 9 красавіка 1918 г., ён саступае сваю пасаду А.Сакальскаму. У савецкія часы, на працягу 1920-1924 гг., Міранскі – намеснік старшыні праўлення Мінскага добраахвотнага пажарнага таварыства, член адміністрацыйнай і фінансавай камісій.
І па-ранейшаму, нягледзячы на бурныя гістарычныя падзеі, рэвалюцыйныя змены дзяржаўнага ладу, Рыгор Міранскі працягвае займацца фатаграфіяй. У зборы Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі захавалася каля дзесяці яго фотаздымкаў гэтага перыяду.
Асаблівыя абставіны спрычыніліся да серыі фатаграфій з выявамі разбураных падчас польскай акупацыі будынкаў у беларускіх гарадах і мястэчках. Вельмі верагодна, што яны разам з іншымі экспанатамі дэманстраваліся на Першай Міжнароднай выставе супрацьпажарных і выратавальных сродкаў, якая адбылася 11 – 20 ліпеня 1925 г. у Зальцбургу (Аўстрыя), ці былі зроблены для яе, Дарэчы, як было адзначана ў рапарце Ф.Готліба, які прадстаўляў беларускія экспанаты на гэтай выставе, ніхто, акрамя Беларусі, не паказаў вайну як прычыну ўзнікнення пажараў.
Выкананне ўсіх фотаздымкаў, картаграм, дыяграм з кароткім апісаннем, нават выраб упаковачнай тары для экспанатаў, былі даручаны Міранскаму. У сакавіку 1925 г. у ГПУ Беларусі на імя Міранскага быў атрыманы спецыяльны дазвол "на права вырабу фотаздымкаў" (НАБ, ф. 691, воп. 3, спр. 17, арк. 148) спаленых і зруйнаваных палякамі будынкаў, акрамя збудаванняў, якія мелі ваеннае значэнне.
Такім чынам, у Аўстрыю былі адпраўлены фотаздымкі памерамі 18x24 і 13x18 см з выявамі найболып пацярпелых ад падпалаў палякамі гарадоў і мястэчак – Полацка, Мінска, Слуцка, Барысава, Бабруйска, Койданава, а таксама групавыя фотаздымкі прафесійных і добраахвотных пажарных каманд Беларусі і партрэты пажарных работнікаў, якія былі дасланы з Полацкага і Слуцкага паветаў (там сама, арк. 149, 165). Фатаграфіі размяшчаліся на двух стэндах памерамі 1,5x2 м кожны і мелі кароткія анатацыі на рускай і нямецкай мовах. Непасрэдна перад адпраўкай у Аўстрыю, у канцы красавіка 1925 г., экспанаты былі выстаўлены ў залах, дзе праходзілі пасяджэнні VII Усебеларускага з'езда Саветаў (там сама, арк. 162).
У Аўстрыі беларускія экспанаты карысталіся поспехам і літаральна "прыцягвалі ўвагу наведнікаў з першага погляду сваім асаблівым спосабам паказу", – чытаем у справаздачы Ф.Готліба (там сама, арк. 171).
Але не абышлося без казусаў. Падчас выставы ў яе арганізатараў з'явіліся патрабаванні зняць у беларускай экспазіцыі фотаздымкі з выявамі зруйнаванняў, бо гэта – антыпольская прапаганда. Выставу наведалі чьгаоўнікі з канцылярыі, уважліва яе агледзелі, паківалі галовамі і прызналі, што выходзіць не вельмі добра, "але паколькі гэта стаіць, то хай і застанецца так стаяць" (там сама, арк. 171 адв.).
А быў і такі выпадак у беларускай экспазіцыі, пра які мы таксама даведаліся са згаданага рапарта. Пасля чытання тэксту, які суправаджаў фотаздымкі, наведнікі – два данскія казакі ў поўнай уніформе – сярдзіта тлумачылі сваей спадарожніцы – нямецкай паненцы, што чырвоныя палілі не менш за палякаў, потым "плюнули, выругались по матерн н ушлн недовольные" (там сама, арк. 171 адв.).
Апошнія звесткі пра Міранскага мы сустракаем у справаздачы пра святкаванне 50-годдзя Мінскай гарадской пажарнай каманды ў 1926 г. (Звезда. 1926. № 200.). У артыкуле паведамляецца, што за шматгадовую і сумленную службу памочнік старшыні каманды Рыгор Абрамавіч Міранскі ўзнагароджваецца сярэбранай каскай і яму прысвойваецца ганаровае званне "Герой працы".
Як склаўся яго далейшы лёс? Ці не стаў Рыгор Міранскі ахвярай рэпрэсій? А можа загінуў падчас вайны? Пакуль гэта невядома. Але тое, што ен пражыў сумленнае, поўнае рызыкі жыцце, памагаў людзям не толькі выратавацца ад бяды пажараў, але праз мастацтва фатаграфіі спазнаць навакольны свет, сумнення не выклікае. Сёння навуковая каштоўнасць фотаздымкаў Рыгора Міранскага відавочная. Яго фатаграфіі на "агнявую" тэму – амаль што адзіныя выяўленчыя крыніцы па дакастрычніцкай гісторыі пажарнай справы ў Беларусі. Да унікальных, без перабольшання, можна аднесці і фотаздымкі разбураных палякамі будынкаў у беларускіх гарадах і мястэчках.
Аўтар артыкула выказвае шчырую падзяку старшыні Цэнтра навучання пажарнай бяспецы пры Мінскім гарадскім упраўленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях А.Гоціну і старшаму навуковаму супрацоўніку аддзела публікацыі Нацыянальнага архіва Беларусі І.Куркову за дапамогу ў пошуку біяграфічных матэрыялаў пра Рыгора Міранскага.
Артыкул упершыню быў надрукаваны ў часопісе "Мастацтва". 2000. № 12.