КУЛЬТУРА. Nº 19, 2022.
Ілья Свірын.
Ніхто не аналізуе зараз тыя мільёны здымкаў, якія з’яўляюцца штодня, не выбірае з іх нешта адметнае. Несупыннае мільгаценне карцінак на нашых экранах не дае ўяўлення, якая цяпер беларуская фатаграфія. Каб яно з’явілася, трэба правесці селекцыю і ўжо цяпер пачынаць складаць гэты пазл агульнага наратыву. Было б добра, каб мастацтвазнаўцы заняліся гэтай вельмі патрэбнай справай.
Уладзімір Парфянак, беларускі фатограф.
Выстава “Непарадны партрэт”, якая днямі адбылася ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура, не толькі адкрыла малазасвоены пакуль пласт беларускай культуры, але і паставіла фундаментальныя пытанні, блізкія кожнаму, хто калі-кольвечы сам здымаў партрэты. То-бок не раўнуючы ўсім – бо хто сёння толькі не здымае на свае смартфоны!
– Мы паказалі той перыяд, калі фатаграфія яшчэ была “ручной” і да яе ставіліся куды больш сур’ёзна, – распавядае куратар выставы, супрацоўнік музея Заіра Азгура, беларускі фатограф Уладзімір Парфянак. – Здымак тады сапраўды рабіўся: проста ткнуць пальцам на экран дэвайса, каб атрымаць патрабаванае фота, магчымасці не было.
– Бывае, нават занадта. Савецкая эпоха адметная росквітам пастановачнага фота, многія ўзоры якога – нават самыя майстравітыя – сёння выглядаюць трохі штучнымі.
– Так, у газетах і часопісах публікавалі тыя здымкі, якія адпавядалі тагачасным канонам журналістыкі: жыццё трэба было паказваць менавіта так, а не іначай. Гэтыя партрэты можна назваць параднымі. Але па ўсім Саюзе плённа працавалі фотаклубы, якія стваралі свае правілы гульні ў рэальнасць. І часта разуменне сутнасці фатаграфіі было зусім іншым: бліжэй да паўсядзённасці, да жыцця простага маленькага чалавека. А ў другой палове 80-х прыйшла новая генерацыя аўтараў са сваімі наватарскімі ідэямі. Скажам, як на фотаздымках Ігара Саучанкі, які рабіў партрэты без твараў, або на фотаздымку Івана Пятровіча, дзе мы бачым цені без чалавека, які іх адкідвае.
– Але ж тыя фотаклубы былі аматарскімі?
– Вядома. Іншых тады і быць не магло. Аднак узровень яны трымалі вельмі высокі. Да таго ж некаторыя вядомыя фотажурналісты праявілі сябе і на ніве аўтарскай фатаграфіі. Прыкладам, на нашай выставе можна ўбачыць своеасаблівае alter ego такіх мэтраў, як Яўген Казюля і Сяргей Брушко. Многія “фотаклубнікі” ўдзельнічалі ў замежных конкурсах, патрапіць на якія маглі толькі творы тэхнічна і эстэтычна выкшталцоныя.
Скажам, прадставаная на выставе мантажная работа Міхаіла Жлінскага “Дзядулева апавяданне” для таго часу – вышэйшы пілатаж. Нават цяжка сабе ўявіць, як такога выніку можна было дасягнуць з дапамогай матэрыялаў, што былі ў СССР. Тут і камбінацыя двух здымкаў, і адмысловая фільтрацыя дэталяў… Эфект графічнасці дасягнуты складанымі маніпуляцыямі: негатыў ператвараецца ў пазітыў, а затым наадварот, і так неаднаразова.
– Аднак сёння падобны эфект можна ў пару клікаў дасягнуць у графічным рэдактары…
– Дык усе такія рэдактары акурат і ствараліся на аснове “ручных” вынаходак тых фотамайстроў, якія змагаліся з тэхнічнымі абмежаваннямі ды выдумлялі розныя хітрыкі. А ўжо потым іх прыёмы і напрацоўкі перацяклі ў лічбу. Літаральна любы фаташопаўскі фільтр мае такіх сваіх папярэднікаў у дакамп’ютарную эпоху.
– У той самы час на выставе прысутнічалі і свайго кшталту родзі-мэйд: знакамітыя фота Сяргея Кажамякіна, якія былі надрукаваныя ім са знойдзеных на сметніку стужак. Дзе тут тэхніка?
– Аўтарскі падыход у дадзеным выпадку – вельмі тонкі. Адмысловы друк, сакрэт якога ведае далёка не кожны фатограф, робіць пакінутыя часам драпіны больш выразнымі. Тут адзнакі на старым негатыве не выдаляюцца, не рэтушуюцца, а, наадварот, падкрэсліваюцца. Для аўтара было важна знайсці той інструмент, які стварае патрэбны мастацкі эфект. І гэта яшчэ не кажучы пра канцэпцыю серыі фотаздымкаў.
– На афішу выставы – досыць немудрагелістае, і пры гэтым пастановачнае, (і, да усяго, яуна пастановачнае) фота Зоі Мігуновай. Чаму вы абралі менавіта яго – пры наяунасці куды больш выразных, здавалася б, варыянтау?
– Аўтарка перадала мне свой архіў перад ад’ездам у Амерыку. Фота на першы погляд вельмі простае, але ў гэтай прастаце ёсць нешта асаблівае. Партрэт сапраўды можна назваць пастановачным і парадным. Падазраю, жанчына на здымку апранула свой найлепшы плашчык, а фатограф дбайна выбудаваў кампазіцыю – каб цені ад калон падалі пад патрэбным вуглом. Аднак постаць на заднім плане, без сумневу, нейкі выпадковы мінак, цалкам разбівае ідэальную карцінку. І такое непасрэднае ўварванне рэальнасці ў мастацкую плоскасць мне падалося цікавай метафарай.
– А чаму на выставе не было відавочных прыкмет эпохі перабудовы? Ну хіба ваш партрэт у адгазніку – ледзь не сімвал авангарднага мастацтва…
– Чаму ж, яны ёсць, варта толькі прыгледзецца. Напрыклад, фота Уладзіміра Блінова. Будучы біёлагам, ён шмат часу правёў у Чарнобылі неўзабаве пасля катастрофы. Падчас адной экспедыцыі зрабіў аўтапартрэт у разбітым люстэрку, якое знайшоў у закінутай хаце. Рысы твару дзівосна спалучыліся з расколінамі на шкле.
– Цікава, як вы ўявляеце рэпрэзентатыўную выставу фотапартрэта сённяшніх часоў, якая адкрыецца гадоў этак праз трыццаць ?
– Пакуль, на жаль, не ўяўляю. Мы абсалютна не разумеем, што адбываецца ў беларускай фатаграфіі цяпер. Ніхто не аналізуе мільёны здымкаў, якія з’яўляюцца штодня, не выбірае з іх нешта адметнае. Не фармулюе на падставе гэтага разнастайнага матэрыялу даследчыцкія або куратарскія выказванні. Мільгаценне карцінак на экранах не дае ўяўлення, якая цяпер беларуская фатаграфія. Каб яно з’явілася, трэба правесці селекцыю і ўжо цяпер пачынаць складаць гэты пазл агульнага наратыву. Было б добра, каб мастацтвазнаўцы заняліся гэтай патрэбнай справай.
– Зважаючы на аб’ём матэрыялу, важна і тое, хто будзе выбіраць.
– Вядома. Адносна нядаўна ў Беларусі праводзіцца конкурс маладой фатаграфіі. У журы запрасілі замежных прафесіяналаў, і яны выбралі тое, што адпавядае стандартам “добрага еўрапейскага фота”. З аднаго боку, гэта прыкмета ўзроўню – у нас не горш, чым у палякаў або фіннаў. З іншага боку, нейкія спецыфічныя з’явы той конкурс не адкрывае. А вось на нашай выставе пры ўдумлівым сузіранні можна зразумець, што фота зроблена менавіта ў Беларусі – не толькі паводле фармальных прыкмет, але і ў плане эстэтыкі, тэхналогіі і настрою.
– Напэўна, у наш індывідуалістычны век не хапае фотаклубаў – месцаў, дзе розныя аўтары маглі камунікаваць за гарбатай, спрачацца, абмяркоўваючы сваю творчасць…
– Сапраўды, сёння такіх “пунктаў зборкі” бракуе. Але і часы змяніліся. Цяперашняе фота арыентаванае на медыйны поспех. З аднаго боку, для кагосьці гэта стымул. З іншага – абмежаванні: разумееш, што і як трэба рабіць, каб дасягнуць чаканага выніку. Клубныя фатографы тады не дбалі пра тое, каб іх творчасць была запатрабаваная або захаваная. Гэта рабілася проста таму, што хацелася рабіць. І адсюль больш знаходак і адкрыццяў. Магчыма, нешта падобнае ёсць і цяпер, але гэтага нам ніхто не прад’явіць.
– У колах мінскіх фатографаў даўно спее ідэя асобнага музея, прысвечанага гэтаму віду мастацтва. Пакуль яго замяняе толькі ваша калекцыя...
– Так, гэта невялікая калекцыя некамерцыйнай галерэі NOVA, якую нам удалося сабраць пераважна дзякуючы сяброўскім падарункам. Але галерэя спыніла сваё існаванне амаль дзесяць гадоў таму, і гэтае месца дагэтуль застаецца вакантным: выставочнай пляцоўкі, якая спецыялізавалася выключна на беларускай фатаграфіі, у Мінску няма.
Што да музейных праектаў… У многіх краінах ёсць адмысловыя музеі, прысвечаныя нацыянальнаму партрэту – ад самых даўніх часоў да цяперашніх. Лічу, для нас было б вельмі важна такі мець. Бо як не партрэт можна назваць сапраўдным люстэркам душы нацыі, якое дае магчымасць зразумець многія ўтоеныя сэнсы?