У аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Вільнюскага універсітэту ў фондзе VUB F 46 захоўваецца калекцыя з 437 этнаграфічных фатаграфій з Бабруйскага, Барысаўскага, Ігуменскага, Мазырскага, Пінскага, Рэчыцкага, Слуцкага паветаў Менскай губерні, якая была створана ў 1911–1912 гг. беларускім этнографам Ісакам Сербавым (1871–1943). Значэнне гэтых фатаграфічных дакументаў для вывучэння этнаграфіі, традыцыйнай культуры, народнага касцюма і архітэктуры Беларусі цяжка пераацаніць. Калекцыя з’яўляецца неацэннай крыніцай візуальнай інфармацыі аб тым, якой была Беларусь і беларусы 100 гадоў таму назад.
З’яўленне калекцыі стала магчымым, дзякуючы навуковым экспедыцыям – “этнаграфічна-фатаграфічнымі экскурсіямі”, “фатаграфічным экспедыцыямі” І. Сербаў. Настаўнік Менскай гарадской вучэльні, потым Віленскай мужчынскай вучэльні, ён захапляўся этнаграфіяй і ў летнія месяцы падарожнічаў з фотаапаратам “Кодак” па Палессі. З удасканаленнем фатаграфічнай тэхнікі і матэрыялаў у пачатку ХХ фатаграфаванне становіцца часткай палявой працы этнографаў. Справаздачы аб паездках, якія былі апублікаваныя, і рукапісныя дакументы, якія захоўваюцца ў Бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта ў фондзе Паўночна-Заходняга аддзела Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства (VUB F 34), праліваюць святло на падрабязнасці яго экспедыцый і асаблівасці палявога этнаграфічнага фатаграфавання.
На фотаздымках І. Сербава бачым вясковыя вуліцы і іх жыхароў у святочныя дні, двары сялян з сельскагаспадарчымі прыладамі працы, гумны, хлявы, прылады для сушкі сена і па-мастацку аформленыя стагі, вятракі, драўляныя цэрквы ў вёсках і мястэчках Палесся, могілкі з высокімі палескімі крыжамі. Этнограф зафіксаваў разнастайныя моманты сялянскай штодзённасці: жанчыны жнуць жыта, рвуць каноплі, дзяруць лён, прадуць на калаўроце, абіраюць бульбу; мужчыны аруць на валах, косяць сена; дзеці-пастушкі пасуць статак авечак. На здымках увасоблена таксама дробная палеская шляхта, мяшчане палескіх мястэчак. У яго фотааб’ектыў трапляла прырода Палесся і вынікі пераўтварэння яе чалавекам: балоты, азёры, грэблі – насыпныя дарогі на балотах, меліярацыя, Агінскі канал.
Асабліва каштоўнымі з’яўляюцца этнаграфічныя фотапартрэты, у якіх І. Сербаў здолеў перадаць характар, антропанімічныя асаблівасці, традыцыйнае адзенне, галаўныя ўборы сялян. На фатаграфіях жыхары палескіх вёсак і мястэчак захаваныя прыгожымі, з уласцівым ім пачуццём уласнай вартасці. Белая палатняная адзежа з арнаментам, складаныя формы галаўных убораў жанчын сведчаць аб высокай мастацкай і бытавой сялянскай культуры. Большасць фатаграфій этнографа зафіксавалі дастатак, заможнасць беларускіх сялян і мяшчан у пачатку ХХ ст.
Геаграфіі здымкаў ахапляе значную тэрыторыю сучаснай Мінскай, а таксама Брэсцкую, Гомельскую і Магілёўскую вобласці Беларусі. І. Сербаў фатаграфаваў у 73 населеных пунктах, восем з якіх зараз уваходзяць у склад Украіны. Гэтыя матэрыялы маюць важнае значэнні для вывучэння традыцыйнай этнічнай культуры на сучасным беларуска-украінскім памежжы, культуры Палескага рэгіёна ў цэлым.
Фатаграфіі Ісака Сербава
Сёння, разглядаючы гэтыя фатаграфічныя выявы, выкананыя ў пачатку ХХ ст., мы па праве можам назваць І. Сербава першым беларускім візуальным антраполагам. У гісторыі этнаграфічнай фатаграфіі Беларусі яго імя займае адно з першых месцаў. Высокая якасць і мастацкія вартасці фотаздымкаў І. Сербава дазваляюць аднесці іх да найболей значных яе дасягненняў. Этнографу наканавана было стаць першым фотадакументалістам архаічнага Палесся.
Гэтая калекцыя фатаграфій чакае сваёй публікацыі. Выданне юбілейнага альбома фатаграфій І. Сербава з паездак па Палессі 1911–1912 гг. магчыма рэалізаваць агульнымі намаганнямі Беларусі і Літвы, якая захавала каштоўную фатаграфічную спадчыну беларускага этнографа.
28 красавiка – 14 траўня 2011 г. ў Вiленскай фатаграфiчнай галерэі (вул. Сцiклю, 4) ладзілася выстава “Беларусы: фотаэтнаграфічная калекцыя Ісака Сербава 1911–1912 гадоў”. Рэалізацыя гэтага выставачнага праекту сталася магчымай, дзякуючы супрацоўніцтву Інстытута гістарычных даследаванняў Беларусі ЕГУ з аддзелам рукапісаў Бібліятэкі Вільнюскага універсітэта.