Чым бліжэй да 125-ай гадавіны з дня нараджэння Яна Булгака, тым больш відавочнымі робяцца спробы "прыватызаваць" культурную спадчыну знакамітага майстра фатаграфіі, які адзін з першых на абшарах Усходняй Еўропы асэнсаваў фатаграфію як самастойны, паўнавартасны від выяўленчага мастацтва. Адны заўзятыя гісторыкі мастацтва спяшаюцца начапіць на яго ярлык "бацькі" польскай фатаграфіі (маўляў, заснаваў Саюз польскіх фотамастакоў, пахаваны ў Варшаве, мае польскія дзяржаўныя ўзнагароды), іншыя не пагаджаюцца і спрабуюць зрабіць з яго ікону летувіскай фатаграфіі (бо жыў і працаваў у Вільні больш за трыццаць гадоў). Расійцы таксама не адстаюць: падчас апошняй (2002 г.) фотабінале ў Маскве работы Яна Булгака былі без усялякіх каментарыяў уключаны ў зборную выставу пад назвай "Руская прырода ў айчыннай фатаграфіі канца 19 – пачатку 20 стст". Беларуская мастацтвазнаўчая думка, як звычайна, захоўвае поўнае маўчанне і нават не спрабуе асэнсаваць той уплыў, які аказаў Булгак на беларускую мастацкую традыцыю. І дарма, бо сувязь Булгака з Беларуссю самая што ні на ёсць кроўная: менавіта на беларускай зямлі, на Навагрудчыне, 6 лістапада (18 лістапада паволе старога стылю) 1876 г. у невялікай сядзібе 18 стагоддзя ў Асташыне, што паблізу рэчкі Сэрвач, у сям'і Валерыя Антонія Станіслава Булгака (з роду Сыракомляў) і Юзэфы Гаціскай (з роду Рохаў з суседніх Міратычаў) з'явіўся на свет сын – Ян Брунон Булгак (Jan Brunon Bulhak).
На вялікі жаль, абмежаванасць крыніц інфармацыі, дасяжных беларускаму даследчыку біяграфіі Яна Булгака, не дазваляе з усёй падрабязнасцю рэстаўраваць жыццёвы шлях Майстра з Вільні – так пры жыцці называлі Булгака ягоныя калегі. Пераважная большасць фатаграфічных арыгіналаў, рукапісаў, літаратурных твораў, што належаць аўтарству Яна Булгака, захоўваюцца сёння па-за межамі Беларусі – у Польшчы, Летуве, Расіі, і па гэтых прычынах яны выведзены са сферы аналізу беларускага даследчыка. Тая ж крытычная, гістарычная і мастацтвазнаўчая літаратура, што час ад часу трапляе да нас, на самай справе праходзіць праз фільтр карпаратыўных і дзяржаўных інтарэсаў і не заўсёды пакідае ўражанне шчырага, неангажаванага даследаваня. Прыклад – нядаўна выдадзены ў Кракаве невялікі фатаграфічны альбом "Ян Булгак" з серыі "Польская фатаграфія", які мае ганарлівы надпіс: "Першая апрацоўка творачасці Яна Булгака" (выдадзены праз 50 гадоў пасля смерці мастака, якога называюць "бацькам" польскай фатаграфіі). Уступны артыкул сп. Леха Ляховіча, у якім выказваюцца цікавыя і вельмі слушныя мастацтвазнаўчыя думкі, што будуць цытавацца ніжэй, на жаль, не дае аніводнага намёку на прыналежнасць творчасці Булгака культурным спадчынам розных народаў, а не выключна толькі польскага. Словы "Беларусь", "беларускі" або "Літва", "літоўскі" там не сустракаюцца ўвогуле! Быццам бы сучасная Булгаку Польшча існавала на тых тэрыторыях, дзе прайшоў жыццёвы шлях фатографа, спрадвеку...
Але вернемся да асобы самога Булгака, да творцы, які жыў і працягвае сваё жыццё ў іншых вымярэннях, дзе, здаецца, такіх праблем з вызначэннем нацыянальнай прыналежнасці проста не існуе...
У 11 год Яна Булгака аддаюць вучыцца ў Віленскую класічную гімназію. Пасля заканчэння гімназіі ў 1897 годзе Ян Булгак паступае вучыцца на факультэт філасофіі Ягелонскага універсітэта ў Кракаве. Аднак неўзабаве фінансавыя цяжкасці вымушаюць яго спыніць вучобу і вярнуцца на радзіму. Булгак асядае ў невялічкай маляўнічай сядзібе Перасека пад Мінскам, якую раней ён атрымаў у спадчыну ад маці, памерлай у 1893 г. Тут ён бярэцца шлюбам са сваёй стрыечнай сястрой Ганнай Гаціскай (матка Яна і бацька Ганны – родныя брат і сястра з Міратычаў) і некалькі год вядзе жыццё тыповага "грэчкасея".
Як вынікае з сямейнай легенды, з фатаграфіяй Булгак сутыкнуўся выпадкова ў 1905 годзе, калі ягоная жонка атрымала ад сваякоў у якасці падарунка просценькі фатаграфічны апарат. Будучы маэстра фатаграфіі дапамае ёй рабіць першыя фотаадбіткі. Насамрэч, знакавая сустрэча з сур'ёзнай фатаграфіяй адбылася пазней, калі Булгак аднойчы надведаў свайго старэйшага стрыечнага брата, што жыў у Чомбраве. Караль Карповіч, які скончыў фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага універсітэта, быў не толькі аўтарам некалькіх публікацый, прысвечаных прыродзе Навагрудскай зямлі, але і аўтарам выдатных фотаілюстрацый, што аздаблялі гэтыя артыкулы.
Пасля візіту да К. Карповіча Булгак сапраўды "захварэў" фатаграфіяй і вельмі хутка зрабіўся адным з адданых яе прыхільнікаў. Для больш сур'ёзных заняткаў фатаграфіяй Булгак абсталёўвае "цёмны пакой" у сваёй сядзібе ў Перасецы і пачынае эксперыментаваць, што было ўласціва многім самавукам. З бегам часу ён навязвае знаёмствы з іншымі фатографамі, каб абменьвацца інфармацыяй і "сакрэтамі рамяства". Неўзабаве нават распачаў перапіску з адным з самых вядомых французскіх фатографаў таго часу – Эмілем Ёахімам Канстантам Пуё (Emile Joachim Constant Puyo).
Пераломным момантам у ягоным жыцці зрабілася сустрэча ў 1910 годзе ў Вільні са знакамітым жывапісцам Фердынандам Рушчыцам, які пераканаў Булгака, што яму варта сур'ёзна заняцца мастацкай фатаграфіяй. Пасля нядоўгіх разваг Булгак вырашае, што фатаграфія мусіць ператварыцца са шляхетнага баўлення вольнага часу ў галоўную справу ягонага жыцця і асноўны ягоны занятак. Ужо напярэдадні 1911 года на рахунку Булгака налічвалася некалькі соцень здымкаў ваколіцаў Мінска і Навагрудка, якія потым ён выдаў у выглядзе альбома пад назвай "Літва ў фатаграфіях Яна Булгака". Шэсць асобных тамоў гэтага альбома складаюцца з "больш чым 270 арыгінальных фатаграфічных аркушаў, якія дэманструюць пейзажы, віды літоўскіх вёсак, сядзібаў, іх інтэр'еры, а таксама такія памятныя месцы, як Навагрудак, Свіцязь, Мір, Нясвіж, Крэва, Трокі, Вілейка" (з рэкламнай улёткі 1915 г., выдадзенай фатаграфічнай майстэрняй Яна Булгака).
Усведамляючы сваю технічную недасканаласць, Булгак выбіраецца на некалькі месяцаў у Дрэздэн, каб падвучыцца фатаграфічнаму рамяству ў знакамітага нямецкага фатографа-партрэтыста Хуга Эрфурта (Hugo Erfurth). Час, праведзены ў Дрэздэне, цэнтры фотатэхнічнага рамяства, быў плённы не толькі дзякуючы набыццю грунтоўных ведаў пра мажлівасці фатаграфічнай тэхнікі, але і дзякуючы знаёмству Булгака з эстэтычнымі кірункамі ў развіцці фатаграфіі. Вярнуўшыся на радзіму, Булгак адкрывае ў 1912 годзе сваю ўласную фатаграфічную майстэрню ў Вільні і, прыслухаўшыся да сяброўскіх парад Фердынанда Рушчыца, распачынае сістэматычнае дакументаванне помнікаў даўніны Вільні і яе наваколля.
Ужо з самога пачатку сваёй фатаграфічнай дзейнасці Булгак не трактаваў фатаграфію толькі як пэўную форму мастацкай выразнасці, адарваную ад штодзённага жыцця. Ён вельмі шырока і для свайго часу даволі прагрэсіўна разумеў ролю і месца фатаграфіі ў захаванні культурнай спадчыны. Акрамя так званай "фотаграфікі" (тэрмін прыдуманы самім Булгакам) – своеасаблівага аўтаномнага віду мастацкай творчасці, ён таксама прапагандуе ідэю "айчыннай фатаграфіі" – г.зн. фатаграфіі бацькаўшчыны, фатаграфіі бацькоўскага краю, або, карыстаючыся сучаснай безэмацыйнай тэрміналогіяй, "краязнаўчай фатаграфіі". "Айчынная фатаграфія", на думку Булгака, – гэта сведчанне і адначасова сродак фарміравання культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасці. "Айчынная фатаграфія" праз дакументаванне помнікаў мінуўшчыны павінна адлюстроўваць гістарычную і культурную спадчыну, паказваць прыгажосць роднага краявіду, вобразна перадаваць "дух народа". "Булгак спрабаваў улавіць тую асаблівую сувязь, якая існуе паміж людзьмі і культурай, чалавечай натурай і ландшафтам," – адзначае Лех Ляховіч у эсэ "Ян Булгак. Паміж "фотаграфікай" і "айчыннай фатаграфіяй"".
Дакументаванне помнікаў Віленшчыны, распачатае Булгакам у 1912 годзе, было ў асноўным скончана ў 1919. Вынік гэтай працы набыў выгляд сістэматызаванага збору з амаль што з дваццаці альбомаў, у якіх агулам налічвалася больш за тысячу фотаздымкаў. І пазней Булгак будзе працягваць дакументаванне помнікаў Вільні. Акрамя таго, гэтая калекцыя будзе папаўняцца і за кошт здымак падобнага характару, якія Булгак будзе праводзіць на тэрыторыі ўсёй тагачаснай Польшчы.
Вяртаючыся са шматлікіх вандровак, Булгак прывозіў у Вільню сотні новых заэкспанаваных негатываў і апрацоўваў іх з дапамогай сваіх шматлікіх супрацоўнікаў – віленскіх фатографаў Эдмунда і Браніславы Жданоўскіх, Францішка Вяжэвіча, Леанарда Сямашкі, уласная творчасць якіх таксама вымагае больш пільнай увагі даследчыкаў. У 1939 годзе калекцыя фатаграфій пад назвай "Польшча ў фатаграфічных вобразах Яна Булгака", якая дакументавала гістарычныя помнікі, прыроду і ландшафты тагачаснай Польшчы, налічвала дзесяць тысяч адбіткаў, аб'яднаных у 158 альбомаў. Фактычна гэтыя здымкі і былі пацвярджэннем тых ідэй, якія Ян Булгак абвесціў у сваёй праграме "айчыннай фатаграфіі".
Падчас працы над дакументаваннем Вільні ў 1912 – 1919 гг. аўтар ідэі "айчыннай фатаграфіі" не забываўся і на мастацкую фатаграфію: галоўным чынам яго цікавілі пейзажны жанр і партрэт. На думку сваіх сучаснікаў, Булгак быў выдатным і самабытным партрэтыстам. На вялікі жаль, партрэтаў, выкананых Майстрам з Вільні, захавалася вельмі мала. Пазней Булгак адыходзіць ад партрэтнага жанру ўвогуле на карысць фатаграфавання прыроды, а час ад часу – нацюрмортаў або фрагментаў штодзённай рэчаіснасці.
"Ужо падчас дакументавання помнікаў сваёй улюбёнай Вільні вельмі выразна раскрыўся фатаграфічны інстынкт і тэмперамент Булгака. Шматлікія здымкі з гэтай калекцыі вылучаюцца, акрамя чыста дакументальных якасцяў, арыгінальнасцю і сапраўднай мастацкай каштоўнасцю. На многіх з іх уражваюць нечаканая і нетрадыцыйная на той час кампазіцыя, выкарыстанне розных планаў, буйных фрагментаў, а таксама дасканалае валоданне святлоценявымі эфектамі, што пазней будуць асэнсаваны і выкладзены Булгакам у ягонай кнізе "Эстэтыка святла". Варта падкрэсліць, што выразнасць формы найбольш цікавых з мастацкага пункту гледжання фотаздымкаў віленскага цыкла была дасягнута за кошт ужывання выключна фатаграфічных сродкаў, без якіх-небудзь чужародных працэсаў апрацоўкі негатываў дзеля эстэтызацыі фатаграфіі. Гэтую свежасць і арыгінальнасць формы захоўваюць булгакаўскія здымкі і па сённяшні дзень, нягледзячы на тое, што мінула ўжо 80 гадоў з моманту іх з'яўлення. Драматычная гісторыя нашага краю надала ім яшчэ адну вартасць – вартасць эмацыянальную. Сёння яны паказваюць нам фрагмент той Польшчы, якой ужо не існуе, якая засталася толькі ў гісторыі," – робіць выснову Лех Ляховіч у згаданым вышэй эсэ.
1919 – 1939 гады былі часам надзвычай інтэнсіўнай працы Булгака як на мастацкай ніве, так і на ніве тэарэтычнай, асветніцкай, арганізацыйнай, папулярызатарскай. Пасля аднаўлення дзейнасці Універсітэта імя Стэфана Баторыя ў Вільні Булгаку, ужо прызнанаму і ўшанаванаму ўзнагародамі фатографу, даюць у 1919 годзе пасаду старшага асістэнта факультэта прыгожах мастацтваў і даручаюць яму арганізацыю і кіраванне майстэрняй мастацкай фатаграфіі пры факультэце. Па сутнасці, гэта была першая пляцоўка на ўсёй тэрыторыі тагачаснай Польшчы, дзе фатаграфія выкладалася на акадэмічным узроўні. Амаль што дваццацігадовая праца Булгака на гэтай пасадзе была высока ацэнена Сенатам Акадэміі, які прысвоіў яму званне дацэнта ў верасні 1939 года, неўзабаве пасля пачатку ваенных дзеянняў.
Булгак быў ініцыятарам і актыўным удзельнікам пабудовы і іншых інстытуцыянальных форм фатаграфічна-мастацкага жыцця. У 1927 годзе ён заснаваў Віленскі фотаклуб, які аб'яднаў самых вядомых фатографаў Віленшчыны, сярод якіх былі Эдмунд і Браніслава Жданоўскія, Станіслаў Турскі, Войцех Буйко, Марыя Панасевіч, Януш Булгак, Генрык Хэрмановіч. У канцы дваццатых гадоў Булгак выступіў сузаснавальнікам Польскага фотаклуба ў Вільні і кіраваў абодвума аб'яднаннямі фатографаў. Акрамя таго, Булгак прымае вельмі актыўны ўдзел у выставачным руху як на радзіме, так і па-за яе межамі, прычым у якасці арганізатара і ўдзельніка выставаў часта перамагаючы ў конкурсах і атрымліваючы шматлікія высокія ўзнагароды.
Паралельна з гэтым ён шмат працуе над тэарэтычнымі абгрунтаваннямі мастацкай фатаграфіі. Вынікам гэтай працы сталася праграма развіцця "фотаграфікі", г.зн. фатаграфіі, якая ўсвядомлена як самастойная мастацкая творчасць і якая абапіраецца на агульныя прынцыпы піктарыялізму. Гэтая праграма была выкладзена Булгакам у шматлікіх тэарэтычных артыкулах, якія склалі змест дзвюх кніжак –"Фотаграфіка" (1931) і "Эстэтыка святла" (1936). Булгак вельмі актыўна займаўся лекцыйнай працай, выступаючы перад публікай самых самых розных гарадоў. Ён нават зрабіў некалькі выступленняў па віленскаму радыё, дзе таксама нястомна прапагандаваў ідэі "фотаграфікі" і "айчыннай фатаграфіі". Такая руплівая і самаадданая праца на карысць фатаграфіі была адзначана высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі – Ордэнам Адраджэння Польшчы (1922 г.) і Залатым Крыжам Заслугі (1935 г.).
"Творчасць Булгака, якая абапіралася на прынцыпы "фотаграфікі", зведала цікавую эвалюцыю, што рэдка можна сустрэць у гісторыі нашай фатаграфіі, – дзеліцца сваімі назіраннямі Лех Ляховіч. – Ягоныя работы заўсёды адрозніваліся бездакорнасцю кампазіцыі, уменнем вылучыць галоўны матыў, віртуозным кіраваннем святлом. Звяртае на сябе ўвагу багатая палітра далікатных светлавых плямаў, а таксама надзвычайная выразнасць малюнка і своеасаблівая мяккасць выявы. Усё гэта – якасці фатаграфічнай выявы, якія асабліва цаніліся і культываваліся ў піктарыялізме. У Булгака – у адрозненне ад большасці піктарыялістаў – такая якасць выявы дасягалася галоўным чынам пры дапамозе чыста фатаграфічных сродкаў, без ужывання складаных піктарыяльных тэхнік. Форма ў ягоных работах заўсёды была падпарадкавана галоўнай ідэі выявы, яе пасланню, паведамленню. Таму сярод фотаздымкаў Булгака, за выключэннем вядомых фатаграфій, што дэманструюць выключна піктарыяльныя якасці, можна сустрэць даволі шмат работ, блізкіх да эстэтыкі новай фатаграфіі 20 – 30-ых гадоў ХХ ст., у якіх выкарыстоўваецца выразны і рэзкі малюнак, дынамічная кампазіцыя (што цалкам супярэчыць піктарыяльным прынцыпам класічнай жывапіснай кампазіцыі), а час ад часу фрагментаваныя і буйнамаштабныя выявы. Гэтыя элементы новай фомы з'яўляліся на здымках з самымі рознымі матывамі: прыморскі пейзаж каля Хелі, каменяломня каля Кельцаў або від з акна на калону Зыгмунта і Каралеўскі замак у Варшаве. Новы погляд, новая форма з'яўляюцца і на пасляваенных фатаграфіях Булгака. Гэта вельмі візуальна выразныя і дынамічныя работы, якія дэманстраваліся на выставе "Вернутыя землі" ў Вроцлаве (1948), а таксама штудыі адлюстраванняў святла на паверхні вады, якія былі зроблены Булгакам у другой палове 40-ых гг. Трэба памятаць, што гэтыя апошнія здымкі былі выкананы амаль што 75-гадовым аўтарам, чыя фатаграфія звычайна лічылася (а некаторымі спецыялістамі лічыцца і па сённяшні дзень) увасабленнем ідэй піктарыялізму. Булгаку спатрэбілася нямала юнацкай шчырасці, настойлівасці, каб, выходзячы за абмежаванні піктарыяльных умоўнасцяў, заўважыць і – самае галоўнае – здолець цалкам па-новаму сфатаграфаваць вобразы, што так моцна адрозніваюцца ад традыцыйнага піктарыяльнага канона".
Сапраўды, галоўнай мэтай Булгака была не прага ісці ў авангардзе тагачасных фатаграфічных плыняў. Ён хацеў стварыць такую фатаграфію, якая б абапіралася менавіта на свае спецыфічныя мажлівасці, а не выкарыстоўвала б спадчыну жывапіснай або графічнай традыцыі, што было характэрным для кананічнай піктарыяльнай фатаграфіі. У сваіх тэарэтычных тэкстах Булгак шматкроць падкрэслівае, што фатаграфія не мусіць непасрэдна пераймаць спадчыну выяўленчага мастацтва і што фатографы, якія маюць мастакоўскія амбіцыі, павінны ўсвядоміць адметнасць фатаграфічнай формы і спецыфіку яе выкарыстання ў мастацтве.
"Веліч фігуры Булгака як фатографа, які не абмяжоўваўся адзіным падыходам да фатаграфіі, а ўвесь час быў у пошуку, заключаецца ў паступовай эвалюцыі, у адыходжанні ад піктарыялізму да фатаграфіі, ачышчанай ад чужародных запазычанняў з прыгожых мастацтваў, да якіх сам, як фатограф-піктарыяліст, звяртаўся дастаткова рэдка, хоць і застаўся ў агульнай свядомасці сімвалам піктарыяльнай фатаграфіі", – падсумоўвае жыццёвы і творчы шлях Майстра з Вільні Лех Ляховіч.
Гісторыя вельмі сурова абышлася з творчым плёнам Булгака. Вялізная частка ягонай творчай спадчыны, напрацаванай за многія гады жыцця ў Вільні, была знішчана ў агні пажару, што здарыўся ў ягонай віленскай студыі падчас вядзення баявых дзеянняў ў 1944 годзе, а тое, што засталося, раскідана цяпер па ўсім свеце.
"...10 ліпеня згарэў дом нумар 3 па вуліцы Ажэшкі, дзе мы пражылі адзінаццаць год, – паведамляе Ян Булгак на старонках машынапісу "Мая біяграфія", – згарэла шасціпакаёвая кватэра, а ў ім мая фатаграфічная майстэрня, архіў, г.зн. негатывы і альбомы з дзесяццю тысячамі здымкаў з серыі "Польшча ў фатаграфічных выявах", вялікая бібліятэка, калекцыя лістоў і газетных выразак, рукапісы літаратурных твораў – згарэла дашчэнту ўсё, над чым я працаваў і што я збіраў напрацягу сарака гадоў, загінуў, абярнуўся ў попел увесь мой фатаграфічны і літаратурны набытак."
Вялікай стратай для Булгака была і неспадзяваная смерць ягонай жонкі, а таксама неабходнасць беззваротна з'ехаць з Вільні, якая пасля заканчэння Другой сусветнай вайны апынулася ў межах іншай дзяржавы. Апошнія гады свайго жыцця Булгак правёў у Варшаве, дзе не спыняў сваёй фатаграфічнай і арганізацыйнай дзейнасці ў цяжкіх варунках пасляваеннай разрухі. У 1946 годзе Булгак выступіў адным з заснавальнікаў Саюза польскіх фотамастакоў (ZPAF) і быў абраны першым старшынёй Саюза. Памёр Булгак 4 лютага 1950 года ў Гіжыцку, быў пахаваны ў Варшаве ў Алеі Заслужаных Асобаў.
Нейкі кароткі час перад ад'ездам з Вільні Ян Булгак разам з сынам Янушам па замове савецкіх ваенных улад выконвалі дакументальную здымку разруйнаванага ў гады вайны горада. Гэтыя фатаграфіі былі дадаткам да пісьмовага рапарта пра ваенныя страты Вільні, падрыхтаванага вядомым віленскім гісторыкам Мар'янам Маралоўскім. 257 фатаграфій невялікага памеру, падпісаных рукой самога майстра, былі знойдзены ў альбоме, які захоўваецца цяпер у гарадской управе Вільні. Невялікая частка тых фатаграфій трапіла ў зборы Інстытута мастацтва ПАН у Варшаве, а таксама каля 140 арыгінальных шкляных негатываў, якія раней лічыліся пераданымі ў Маскву і там загінуўшымі, сёння знаходзяцца ў распараджэнні Кракаўскага музея гісторыі фатаграфіі.
Значная частка твораў Булгака сёння захоўваецца ў бібліятэцы Віленскага універсітэта, Архіве дзяржаўнай гісторыі Летувы, Нацыянальным музеі Летувы ў Вільні, Нацыянальным музеі ў Варшаве, Этнаграфічным музеі Расіі ў Маскве. Невялікая, але даволі каштоўная калекцыя арыгіналаў фатаграфій Булгака захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Мінску, асабныя фотаздымкі Булгака ёсць таксама ў зборах Ныцыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі і Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.
Нам, сучасным спажыўцам творчасці Булгака, падаюцца не вельмі прынцыповымі тыя падзелы фатаграфіі, якія Булгак сам стварыў для сябе і якіх спрабаваў ў сваёй творчай практыцы прытрымлівацца. Больш важнымі і каштоўнымі для нас застаюцца менавіта фатаграфічныя вартасці ягоных выяў і схаванае пад іх дасканалай формай пасланне нашчадкам: вера ў прыгажосць, захаванне памяці пра нашу повязь з той зямлёй, дзе мы нарадзіліся, шанаванне гісторыі, з якой звязана нашае існаванне.