Photoscope

Шлях да новага бачання.

Владимир Шахлевич. Vladimir Shahlevich.
Мастацкае фота. №10, 1987.
Валерый Лабко.

Крытык у галіне фатаграфіі А. Вартанаў неяк адзначыў, што ва ўсіх відах мастацтва самадзейная творчасць на мастацкім узроўні ніжэй за прафесійную, і толькі ў фатаграфіі часта пераўзыходзіць яе. Аднак гэты тэзіс патрабуе ўдакладнення. Азначэнні «прафесійны» і «аматарскі» могуць мець дачыненне толькі да фатаграфіі на патрэбу дня. Тады сапраўды элементаў творчай фатаграфіі больш у творах аматараў.

Творчая ж фатаграфія афіцыйнага статусу ў нашай краіне не мае, тэарэтычна не вывучана. Сапраўды творчыя работы грамадству амаль не вядомыя. Грамадская думка сфарміравана на аснове абывацельскіх уяўленняў пра метады і магчымасці фатаграфіі і рамесніцкіх твораў у друку, на тэлебачанні і ў сямейных альбомах. Пра адмоўныя вынікі панавання «шэрай» фатаграфіі нядаўна на старонках друку гаварылі Айтматаў і Э. Клімаў.

Выйсце творчай фатаграфіі ў сферу грамадскага ўсведамлення значна ўскладнена; яе развіццё матэрыяльна не заахвочваецца (адсутнічае афіцыйная структура функцыянавання). Яе арыгіналы не даходзяць да гледачоў, якія часцей за ўсё сутыкаюцца з дрэннымі копіямі. Ні пра якое мастацтва не можа ісці размова, таму што арыгінал выключаны з абыходку. Калі ж чалавек з творчымі здольнасцямі выпадкова зоймецца фатаграфіяй, дык адсутнасць выразнай спецыфікі і школы абмяжуе яго магчымасці на ўзроўні дылетанцтва.

Успрыманне рэчаіснасці чалавекам прынцыпова адрозніваецца ад успрымання фатаграфічнага; удасканаленне ў фатаграфіі нагадвае беглае чытанне замежнага тэксту без разумення яго сэнсу. Сведчаннем таму і фотарэалізм у жывапісе, якім наўрад ці былі створаны сапраўдныя каштоўнасці.

Гэтыя і іншыя праблемы займалі народны фотаклуб «Мінск», калі ён заснаваў вучэбную студыю, у якой спачатку паспяхова перадаваўся калектыўны і асабісты вопыт (як хоць бы такога майстра, як М. Жылінскі). Паступова студыя ператварылася ў школу, дзе ўдасканальваліся і правяраліся ўяўленні аўтара артыкула пра творчую фатаграфію.

Студыя, у якую мы імкнуліся прыцягваць здольных да мастацкага ўспрымання свету, але без замацаванага жывапіснага або фатаграфічнага вопыту, не навязвала выпрацаваных у ёй канцэпцый. Маладыя аўтары, прадстаўленыя на гэтых старонках, пачалі рэалізаваць свае магчымасці ўжо праз некалькі месяцаў заняткаў і раскрыліся хутчэй і паўней за іншых.

Найбольш вызначыўся Валянцін Латушкін, які прыйшоў у студыю студэнтам 3 курса БДТМІ з нязначным вопытам у фатаграфіі. Ужо на першай студыйнай справаздачы («Студыя I», 1985 г. навучання) ён літаральна зачараваў некалькімі работамі, дзе малы фармат, вытанчанасць формы раскрылі жыццё рэчаў і фактур. Асаблівая пластыка работ сведчыла пра безумоўны талент.

В. Латушкін першы падрыхтаваў справаздачу, а пазней выставіўся з дадатковай калекцыяй у тэатральна-мастацкім інстытуце. У наступнай, паказанай нядаўна, калекцыі пачаў распрацоўваць цэлы шэраг тэм, адна з якіх – помнікі гісторыі і культуры Беларусі. Зададзены ўзровень і свабода ў карыстанні спецыфічнай мовай такія, што гледачы прасякаюцца аўтарскім позіркам, станам.

Уладзімір Шахлевіч, архітэктар, да з’яўлення ў «Студыі I» займаўся фатаграфіяй каля паўгода. Тэхніка ў яго і на сённяшні дзень не вельмі высокая, затое ён надзвычай цікавы як аўтар з уласнай канцэпцыяй. У. Шахлевіч займаецца акварэллю, удзельнічаў у рэспубліканскай выставе. Сваімі творамі ў розных жанрах мастацтва нібы падкрэслівае розніцу паміж задачамі жывапісца і фатографа.

Яго творы – імправізацыі ў час здымкаў. «Фатаграфія дазваляе адчуць, у якім свеце ты жывеш, – гаворыць Уладзімір. – Кожны мае суб’ектыўны падыход і эстэтычную канцэпцыю, якія жадае выказаць. Фатаграфія дазваляе рэалізаваць творчы стан дастаткова хутка і поўна».

На пытанне, што дала яму студыя, У. Шахлевіч адказаў: яна дала магчымасць сістэмна займацца тэхнікай фота і пазнаёміла з асаблівым духам зносін у калектыве. Апошняе каштоўна таму, што мы, добра разумеючы адзін аднаго, фарміруем новы знакавы ўзровень. Таму нашы фотаздымкі рэзка адрозніваюцца па мове ад работ, да якіх прывыклі гледачы.

У. Шахлевіч падрыхтаваў некалькі калекцый, работы з серыі «Адзін дзень у Каўнасе» былі адзначаны ўзнагародай на біенале «Бурштынавы край – 87». На абласной выставе ён звярнуў на сябе ўвагу такімі творамі, як «Ficus», «Begonia», хоць мне даспадобы і больш раннія яго творы.

Уладзімір Парфянок, хімік па адукацыі, – выпускнік «Студыі I». Здаўна гарнуўся да мастацтва, займаўся асветніцкай дзейнасцю ў галіне сучаснай музыкі. Дыска-праграмы суправаджаў відэарадам. Паступова пачаў асэнсоўваць «відэарад» і ў адрыве ад музыкі, адчуў неабходнасць авалодаць якім-небудзь мастацтвам.

Гады тры да студыі працаваў з фотаапаратам, рабіў фотаграмы, калажы, розныя кампазіцыі з дапамогай акварэлі. Ён не адчуваў спецыфікі фатаграфіі, яго больш задавальнялі фотамантажы В. Бутырына. У студыі перад ім пачаў адкрывацца твар фатаграфіі. У. Парфянок згадвае: «Вырашальнымі для мяне былі здымкі, калі я адчуў, што мой стан патрабуе выяўлення сябе праз работу камерай. Ад здымкаў атрымаў незвычайнае задавальненне, а вынікі (цыкл «Горад») упэўнілі, што з’явілася магчымасць для творчай самарэалізацыі. Пасля гэтага я ўжо не магу прымаць метад работы Бутырына. Думаю, што дзякуючы «Студыі I» можа з’явіцца новая фатаграфія».

Работы Уладзіміра на першай студыйнай выставе «Настальгія» (яна дэманстравалася ў Мінску, на выставе аднаго дня і ў зале «Эрмітаж» у Маскве, а таксама на буйным фотафестывалі таго года ў Чэбаксарах) пазнаюцца адразу. Майстэрства У. Парфянка пацвердзіў і цыкл «Горад» (сумесна са студыйцам Сяргеем Кажамякіным), які таксама выстаўляўся ўжо некалькі разоў і на абмеркаванні быў названы арганізатарамі чувашскага фотафестывалю «фатаграфічным уварваннем у Чэбаксары».

Думаецца, такі добры дэбют маладых аўтараў пацвярджае ўжо цяпер грунтоўнасць студыйных канцэпцый. Слова – часу і іншым аўтарам.
Статьи