Мастацтва. №1, 1998. Пераклад з англійскай мовы У. Парфянка.
Надзвычай асабістая па свайму зместу, «Балада аб сексуальнай залежнасці» (The Ballad of Sexual Dependency*) уяўляе сабой візуальны дзённік жыцця Нан Голдын (Nan Goldin, нар. у 1953 г. у Вашынгтоне, штат Калумбія). На працягу дзесяці з нечым гадоў Нан Голдын вяла своеасаблівую хроніку свайго жыцця і жыцця сем’яў сваіх блізкіх у Бостане, Берліне, Лондане і наваколлі Нью-Йорка, ствараючы партрэт не толькі свайго прыватнага свету, але, у пэўным сэнсе, і партрэт нашага часу.
Спачатку «Балада…» існавала як «жывое» мультымедыяльнае прадстаўленне. У гэтым слайд-шоу налічвалася больш за 700 кадраў, якія змяняліся адзін адным і стваралі разам з гукавым суправаджэннем эфект сапраўднага кінафільма. Публічнае жыццё слайдавай версіі «Балады…» пачалося ў 1985 годзе ў Нью-Йорку як серыя клубных паказаў, а праз год відэаверсія была прадстаўлена на міжнародным кінафестывалі ў Берліне. У 1989 годзе нью-йоркскае выдавецтва «Апертура» выдала «Баладу аб сексуальнай залежнасці» ў выглядзе фотаальбома з аўтарскай прадмовай, якая, безумоўна, вартая ўдумлівага прачытання (пераклад яе пададзены ніжэй). Візуальны рад, які спадарожнічае гэтаму тэксту, складзены не толькі з матэрыялаў кніжнай версіі «Балады…», але і з іншых кніжных праектаў Нан Голдын, якія з’явіліся на свет пазней («Двайное жыццё», 1994 г.). Такое вольнае трактаванне візуальнага зместу «Балады…» цалкам адпавядае ідэі самой аўтаркі, якая пастаянна рабіла замены фатаграфій падчас іх публічнай дэманстрацыі.
Сексуальнасць з’яўляецца стрыжнем работ Нан Голдын. Яе фатаграфіі даюць падказку для расшыфроўкі кодаў сексуальных паводзінаў – тых кодаў, якіх людзі прытрымліваюцца, якія ігнаруюць або якія свядома парушаюць. Яе фотаздымкі – гэта нешта большае, чым толькі стос асобных карцінак-аповедаў. У кнізе яны спалучаюцца такім чынам, каб максімальна выявіць узаемадзеянне, узаемаўплыў, узаемасувязь галоўных герояў і тэм. Вынік можа нагадваць нейкі гучальны, амаль што музычны твор – складаны і супярэчлівы па сваёй структуры і зместу. Голдын згрупавала свае фатаграфіі ў некалькі пераканальных, моцных па сіле свайго ўздзеяння блокаў: жанчыны паасобку і разам, мужчыны паасобку і разам, дзеці, вяселлі, жыццё пар, смерць… Яна даследуе змены ў сацыяльных паводзінах людзей і стварае сваю «сексуальную класіфікацыю людзей 80-х гадоў», як адзначала газета «Village Voice».
Работа Нан Голдын існуе ў прасторы паміж паэзіяй і фотанавелай, кінафільмам і літаратурным творам, мастацкай фатаграфіяй і бытавой фотаздымкай. Голдын прапануе гледачу пранікнуць позіркам углыб выявы, па-за яе паверхню, бо для аўтаркі істотнымі з’яўляюцца не якасць асвятлення і колераперадачы і нават не правакацыйнасць тых ці іншых мізансцэнаў на фатаграфіях. Яна пераступае праз прадузятае стаўленне грамадства да сексуальных адносінаў дзеля таго, каб праліць святло на задворкі сучаснай культуры, прычым робіць гэта без цынізму, пагарды або абыякавасці, якія так уласцівы прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі. Голдын фатаграфуе як непасрэдны ўдзельнік падзей, а не старонні назіральнік. Як яна напісала сама ва ўступе да «Балады…»: «Гэта мая сям’я, гэта мая гісторыя».
«Балада аб сексуальнай залежнасці» – гэта дзённік, які я дазваляю чытаць іншым людзям. Мае пісьмовыя нататкі застаюцца толькі для ўласнага карыстання; яны з’яўляюцца закрытым дакументам майго прыватнага жыцця і дазваляюць мне дыстанцыявацца, каб яго аналізаваць. Мой візуальны дзённік – публічны; ён мае суб’ектыўную аснову і разрастаецца за кошт з’яўлення новых дзейных асоб. Гэтыя фотаздымкі з’яўляюцца як бы запрашэннем у мой асабісты свет, але яны знятыя так, каб можна было разгледзець і іншых людзей на іх. Часам я не ведаю, як я стаўлюся да каго-небудзь, пакуль не зраблю ягоны фотаздымак. Я не падбіраю спецыяльна людзей для сваіх фатаграфій, я проста фатаграфую сваё жыццё. Гэтыя здымкі нарадзіліся ў выніку маіх стасункаў з рознымі людзьмі, а не сачэння за тымі, хто мяне акружае.
Людзі на гэтых фатаграфіях сцвярджаюць, што мая камера настолькі ж важная для іх, як і любыя іншыя аспекты нашага знаёмства. Для мяне камера – быццам мая рука. Калі б гэта было магчыма, я б не хацела, каб паміж мной і тым, што я фатаграфую, быў нейкі механізм. Фотакамера – такая ж важная частка майго жыцця, як размовы, ежа або секс. Момант фатаграфавання, замест таго каб ствараць нейкую дыстанцыю, адчужанасць, з’яўляецца для мяне момантам прасвятлення і эмацыянальнай сувязі. Ёсць такая папулярная думка, што фатограф па сваёй натуры – гэта назіральнік, вуайерыст, якога запрашаюць на вечарынкі ў ліку самых апошніх. Аднак я не безбілетніца на гэтых тусоўках, гэта мае святы. Гэта мая сям’я, гэта мая гісторыя.
Маё жаданне – захаваць сэнс жыцця гэтых людзей, надзяліць іх той сілай і прыгажосцю, якія я разгледзела ў іх. Я хачу, каб людзі на маіх здымках шчыра глядзелі ў камеру. Я хачу дакладна паказаць, як выглядае мой свет, – без усялякай рамантызацыі і прыхарошвання. Гэта не змрочны свет, гэта свет, у якім ведаюць цану пакутам і шануюць самапаглыбленасць.
Усе мы распавядаем розныя гісторыі, якія з’яўляюцца насамрэч толькі варыянтамі таго, што некалі было, – тое, што захавалася ў памяці, адфільтравалася, ачысцілася, зрабілася бяспечным. Сапраўдная памяць, якая абуджаецца пад уздзеяннем гэтых здымкаў, знітаваная з буйнасцю фарбаў, пахаў, гукаў, з адчуваннем фізічнай прысутнасці, пругкасці і адмысловага прысмаку жыцця. Памяць улічвае ўвесь бясконцы ланцуг нашых стасункаў. Гісторыю перарабіць можна, а памяць – нельга. Калі кожная фатаграфія – гэта гісторыя, тады сукупнасць гэтых здымкаў набліжае нас да пражывання ўсяго жыццёвага вопыту, гэта гісторыя без канца.
Я хачу мець сілы, каб зведаць усё цалкам, без якіх-небудзь абмежаванняў. Людзі, апанаваныя ўспамінамі свайго жыццёвага шляху, звычайна навязваюць сабе жорсткую самадысцыпліну. Я хачу і кантраляваць сябе, і адначасова быць непадкантрольнай. Дзённік – гэта мая форма кантролю над сваім жыццём. Ён дазваляе мне няспынна фіксаваць кожную дэталь. Ён дапамагае мне памятаць.
Гэта гісторыя ўзноўленай сям’і, у якой няма традыцыйных роляў. Маёй любімай у дзяцінстве кнігай была «Моцны вецер на Ямайцы» Рычарда Х’юза (Hughes), у якой група дзяцей адлучана ад бацькоў і ўтрымліваецца піратамі. Бацькі, зразумела, моцна занепакоены з прычыны знікнення сваіх дзяцей і ўяўляюць сабе, што дзеці вельмі па іх сумуюць. На самай жа справе дзеці толькі зрэдку згадваюць пра іх. Дзеці хутка прыстасоўваюцца да новай рэчаіснасці і ў захапленні ад прыгод іхняга новага жыцця.
У маёй сям’і сяброў ёсць жаданне блізкасці, характэрнай для сапраўднай, кроўнай сям’і, але ёсць і жаданне чагосьці больш нявызначанага – неакрэсленасці роляў. Гэта даволі працяглыя ўзаемаадносіны. Людзі адыходзяць, потым вяртаюцца назад, усё адбываецца без канчатковага разрыву блізкіх адносінаў. Нас злучае не роднасць па крыві, не агульны дах над галавой, а агульная мараль, неабходнасць пражыць кожны момант спаўна, нявер’е ў будучыню, шанаванне сумленнасці, патрэба скасоўваць розныя абмежаванні і, нарэшце, агульная гісторыя. Мы вядзём нашае жыццё без абмеркаванняў, але з узаемнай прадбачлівасцю. Нам уласціва саступаць адзін аднаму і суперажываць, што выходзіць за межы нармальнага азначэння сяброўства.
Людзі і месцы дзеяў на маіх фатаграфіях вельмі адмысловыя, спецыфічныя, але я адчуваю, што праблемы, якія я закранаю, маюць універсальны характар. Многія спрабуюць не пагаджацца са мной, кажучы, што «мы на гэтых здымках непадобныя на саміх сябе, яны не пра нас». Але такое ж сцвярджэнне будзе справядлівым для кожнага з нас. Гэтыя фатаграфіі – пра натуру чалавечых стасункаў.
Мяне часта палохае думка, што мужчыны і жанчыны канчаткова зрабіліся чужымі адзін аднаму, несумяшчальна чужароднымі, амаль як чужынцы з розных планет. Але, нягледзячы на гэта, застаецца нейкая моцная неабходнасць жыць у парах. Нават калі суадносіны маюць дэструктыўны характар, людзі трымаюцца разам. Гэта нейкая біяхімічная рэакцыя, гэта стымулюе тую частку мозга, якая атрымлівае задавальненне ад кахання, гераіну або шакаладу. Каханне можа стацца маніяй. У мяне ёсць моцнае жаданне быць незалежнай, і ў той жа час я прагну той энергіі, якая вынікае з узаемнай залежнасці. Гэта стварае тую напружанасць, якая здаецца мне універсальнай праблемай, – барацьбой паміж самастойнасцю і залежнасцю. «Балада аб сексуальнай залежнасці» пачынаецца і заканчваецца менавіта гэтым сцвярджэннем. Сярод самай першай серыі фатаграфій – выява патрэсканых васковых фігур у Коні-Айлэндскім музеі: герцаг і герцагіня віндзорскія, своеасаблівы сімвал рамантычнага ідэалу. У фінале – фотаздымак памерлай пары каханкаў, якія навечна спляліся ў сваіх апошніх абдымках. А паміж гэтымі пунктамі адліку – здымкі, у якіх я намагаюся зразумець, чаму жыццё ў пары такое цяжкае.
Я ўбачыла, у чым міфалогія кахання супярэчыць рэчаіснасці парных стасункаў: яна ўвекавечвае пэўнае азначэнне кахання, што і спараджае небяспечныя спадзяванні ў людзей. Гэтая міфалогія не зважае на амбівалентнасць, супярэчлівасць перажыванняў, якія цалкам натуральныя для любых доўгатэрміновых узаемаадносінаў. Разыходжанне паміж уяўленнем і рэчаіснасцю можа прывесці да адчужанасці або гвалту.
Паколькі часта здаецца, што мужчына і жанчына не падыходзяць адзін аднаму, то, можа, гэта з-за таго, што яны маюць розную эмацыянальнасць, размаўляюць на розных эмацыянальных мовах. Ужо на працягу многіх гадоў мне цяжка ўразумець эмацыянальную сістэму мужчын; я не верыла, што яны такія ранімыя, і, пакідаючы за імі пэўныя правы, ніколі не ўлічвала іхніх апасенняў, страхаў, прадчуванняў. Мужчыны носяць за сабой увесь свой багаж – спадчыну, у падмурак якой закладзены камень боязі жанчын і патрэба размяркоўваць іх на катэгорыі – на жанчын-мацярок, на распусных, цнатлівых або жанчын-драпежніц. Размеркаванне палавых роляў – гэта адна з самых галоўных праблем, якія індывідуумы прыўносяць ва ўзаемаадносіны.
У дзіцячым узросце нас праграмуюць у межах палавых адрозненняў: хлопчыкі павінны быць заступнікамі, байцамі, дзяўчынкі – мілавіднымі, прыгожымі. Але калі мы робімся старэйшымі, то наша свядомасць успрымае пол як нейкі выбар, як нешта падатлівае, зменлівае. Вы можаце гуляць згодна з умовамі традыцыйнага выбару: убірацца ў нешта неверагоднае, чапляць каханкаў, раз’язджаючы на аўтамабілі, рабіць брыдкія жэсты або супрацьдзейнічаць гэтым ролям, дэманструючы сваю мяккасць або грубасць у процівагу стэрэатыпам. Калі мне было 15 гадоў, ідэальным мне здаваўся андрагенны свет, свет двухполых людзей, чый пол вызначыць немагчыма, пакуль не апынешся з кім-небудзь з іх разам у ложку. З тых часоў я зразумела, што пол – гэта нешта больш глыбокае, чым стыль. Самае галоўнае для мяне – нанова вызначыць розніцу паміж паламі, а не пагаджацца з існуючымі азначэннямі. Можна і надалей працягваць гульню з клішэ, але можна прыняць і альтэрнатыўны лад жыцця, нават змяніць свой пол – гэта для мяне з’яўляецца гранічным актам самавызначэння.
Жанчыны, якія з’яўляюцца ў «Баладзе…» разам, дэманструюць сваё пачуццё салідарнасці, ледзь не амазонкаўскую моц у спалучэнні з глыбокімі праявамі пяшчотнасці на людзях, што ўспрымаецца без усялякай сарамлівасці. Адзінокага мужчыну, мужчыну-самотніка можна ўбачыць з характэрнай для яго мяккасцю і ранімай сексуальнасцю, аднак калі мужчыны збіраюцца разам, яны робяцца больш грубымі. Тут спрацоўвае спаборніцкі, канкурэнцкі, эратычны, гульнёвы момант, які выліваецца ў бойкі, п’янкі, доказы іхняй здольнасці трываць боль.
Тое, што вы зведваеце эмацыянальна, і тое, чаго вы прагнеце атрымаць ад палавых стасункаў, можа часам цалкам не супадаць. Я часта адчуваю, што мне лягчэй прыстасавацца да жанчын; мае працяглыя сяброўствы з жанчынамі – гэта вузы, якія маюць сілу шлюбных адносін або нагадваюць блізкасць сясцёр. Але штосьці ўнутры мяне не можа супакоіцца ад неразгаданасці эмацыянальнай натуры мужчын і падаграецца канфліктам, уласцівым для суадносін паміж мужчынамі і жанчынамі.
Сексуальныя зносіны самі па сабе – гэта толькі адзін з аспектаў сексуальнай залежнасці. Асалода можа з’яўляцца пабуджальным стымулам, але сапраўднае задавальненне – гэта нешта ўяўнае. Ложак становіцца арэнай, на якой барацьба ва ўзаемаадносінах ці заціхае, ці разгараецца з новай сілай. Секс – гэта не спектакль, гэта форма камунікацыі, пабудаваная на даверы, адкрытасці, шчырасці, безабароннасці, якія нельга выявіць нейкім іншым чынам. Моцная сексуальная лучнасць робіцца ўсёпаглынальнай і назаўсёды застаецца ў памяці. Вы пачынаеце залежаць ад задавальнення. Секс робіцца галоўным зместам узаемаадносінаў, прадметам спрэчак, актам ачышчэння.
На працягу некалькіх гадоў у мяне былі вельмі сур’ёзныя адносіны з адным чалавекам. Мы добра стасаваліся з ім у эмацыянальным плане і не маглі існаваць адзін без аднаго. Рэўнасць часцяком падагравала нашу палкасць. Яго ідэя ўзаемаадносінаў вынікала з рамантычнага ідэалізму Джэймса Дына (Dean) і Роя Орбісана (Orbison). Я страсна жадала такой залежнасці, пакланення, задавальненняў, бяспечнасці, але час ад часу мяне адольвала клаўстрафобія. Мы сталі хваравіта залежнымі ад той колькасці кахання, якую дарыла нам гэтая сувязь. Мы былі парай.
Нашыя стасункі пачалі пагаршацца, але ніхто з нас не здолеў пайсці на разрыў. Жаданне пастаянна разгаралася зноў і зноў, у той жа час незадаволенасць рабілася ўсё больш відавочнай. Нашая сексуальная апантанасць заставалася адной з тых зачэпак, што ўтрымлівала нас разам.
Аднойчы ноччу ён мяне жорстка, бязлітасна збіў, амаль да крыві. Ён спаліў шмат маіх дзённікаў. Пазней я даведалася, што ён іх чытаў. Супярэчлівасць маіх думак не адпавядала ягоным абсалютным уяўленням пра любоўны раман. Яго канфлікт паміж жаданнем незалежнасці і адданасцю нашым узаемаадносінам зрабіўся нясцерпным.
Пасля двух гадоў гневу і смутку я выпадкова сустрэлася з ім – твар у твар – на вуліцы, упершыню пасля той ночы. Мы павіталіся. Я глядзела ў ягоныя вочы. Ужо пазней я была ў стане ўспомніць сваю сапраўдную цягу да гэтага чалавека, і я зразумела, якой моцнай была тая сувязь. Насуперак усім бедам, я ўсё яшчэ жадала таго кахання. Я павінна была прымірыцца з гэтай незаменнай стратай.
Мне было 11 гадоў, калі мая сястра скончыла жыццё самагубствам. Гэта здарылася ў 1965 годзе, калі самагубствы сярод моладзі былі табуіраванай тэмай. Мы былі ў вельмі блізкіх адносінах з сястрой, і таму я добра ведала, што на самай справе паўплывала на яе выбар і падштурхнула да самагубства. Я ведала, якую ролю адыграла ў гібелі сястры яе сексуальнасць і спроба падавіць яе. Гэта была першая палова 60-х гадоў – час, калі жанчыны – абуджаныя, сексуальныя – баяліся страціць над сабой кантроль у сітуацыях, якія яўна выходзілі за межы дазволеных у грамадстве паводзінаў. У той час ёй было 18, і яна зразумела, што адзінае выйсце для яе – кінуцца пад колы цягніка. Гэта быў учынак чалавека моцнай волі.
Праз тыдзень жалобы я стала ахвярай спакуслівасці аднаго дарослага мужчыны. У тыя дні найвялікшага гора і страты адначасова абудзілася і мая сексуальнасць. Нягледзячы на пачуццё віны, якое я зведвала, страсць апанавала мяне.
Маё веданне сілы сексуальнасці вызначылі гэтыя дзве падзеі. Даследаванне і спасціжэнне «камбінаторыкі» гэтай сілы з’яўляюцца стымулам для майго жыцця і маёй творчасці.
Я ўсвядоміла, што шмат у чым я была падобная на сваю сястру. Я ўбачыла, што гісторыя паўтараецца. Псіхіятр сястры прадказаў мне такі ж самы канец. Я жыла ў страху, што памру ў свае 18 год. Я зразумела, што мне неабходна пакінуць бацькоўскі дом, і ў 14 год я збегла. Застаўшыся там, я б не здолела перамяніцца, аднавіць сябе, не страціўшы свайго Я.
Калі мне споўнілася 18, я пачала фатаграфаваць. Я была вельмі камунікабельная, пачала выпіваць; я хацела запомніць усё да кожнай дробязі, што адбывалася навокал. Пэўны час я баялася, што мяне апанавала навязлівая ідэя дэтальна рэгістраваць усё, што адбываецца ў маім штодзённым жыцці. Але цяпер я разумею, што гэтая схільнасць мела глыбокія карані. На самай справе я не памятаю сваёй сястры. Кінуўшы сваю сям’ю, я страціла сапраўдныя ўспаміны пра сястру. Я згадваю толькі свае ўяўленні пра яе, пра тое, што яна казала, што яна значыла для мяне. Але я страціла рэальнае адчуванне таго, якой яна была, як яна выглядала, якія былі ў яе вочы, як гучаў яе голас.
Я больш не хачу, каб чые-небудзь яшчэ інтэрпрэтацыі маёй гісторыі ўплывалі на мяне.
Я больш не хачу страціць зноў сапраўдныя ўспаміны пра каго-небудзь яшчэ.
Гэтую кнігу я прысвячаю светлай памяці маёй сястры Барбары Холі Голдын.