У «фатаграфічным» сэнсе 2008 год выдаўся багатым на падзеі. Былі яны маштабныя, ўплывовыя і заўважныя? Па ўсёй верагоднасці не настаў яшчэ так гучна задэклараваны “год фатаграфіі”.
Падчас з’езда саюза «Фотамастацтва» ў Мінску адначасова працавала 8 выстаў – на жаль, у не надта прыстасаваных для экспанавання твораў мастацтва памяшканнях. Праблема недахопу выставачных плошчаў уздымалася і на з’ездзе – у планах творчага саюза займець сваю галерэю, а ў будучым – і музей сучаснай фатаграфіі. Збіраць і захоўваць адлюстраванні эпохі, візуальныя сведчанні часу – справа надзвычай важная, з шэрагу тых, што павінна ўваходзіць у сферу дзяржаўных інтарэсаў.
Сярод найбольш значных мінулагодніх падзей пераважную большасць складалі персанальныя выставы. Нават тыя аўтары, што яшчэ нядаўна ўзялі ў рукі фатаапарат, вельмі хутка праходзяць шлях ад першых спроб да працэсу экспанавання… Фатаграфія – мастацтва, якое ўтрымлівае ў сабе інтэлектуальны чыннік, таму здольнасць прадумаць канцэпцыю, напісаць тэкст, пісьменна выбудаваць экспазіцыю – для фатографа (у адрозненне ад прадстаўнікоў традыцыйных выяўленчых мастацтваў) з’яўляецца часткай прафесійнай кампетэнцыі.
Але найперш – пра праекты, праз якія даследаваліся межы фатаграфічнай мовы ці – хутчэй – адбывалася асэнсаванне яе ідэнтычнасці ў сучасным свеце. Праект Ігара Саўчанкі «Фатаграфаванне» вяртаў нас да вытокаў фатаграфіі, замест плёнкі мастак выкарыстаў святлоадчувальную паперу, выява раскрывала сябе адразу, без штучных пасрэднікаў. «Фатаграфаванне» перагуквалася з «Негатыўнай гісторыяй», праектам, паказаным на выставе «Прыватны сектар». У якасці аб’ектаў аўтарам былі прадстаўлены негатывы (праяўленая чорна-белая плёнка), замацаваныя паміж двума шкельцамі.
Выстава Альберта Цэхановіча “Кола часу” – палявое фатаграфічнае даследаванне кожнадзённага жыцця беларускай вёскі сярэдзіны 1990-х – пачатку 2000-х – уключала ў сябе фатаграфіі бытавога і партрэтнага жанраў, а таксама серыю здымкаў своеасаблівага “каляндарнага цыкла”. Убачыць філасофію ў звычайным, зразумець і нетаропка асэнсаваць ? гэтыя пошукі вядуцца традыцыйнай фатаграфічнай мовай, якая захоўвае і погляд аўтара, і тую атмасферу, у якой адбываліся сустрэчы фатографа з яго персанажамі.
Выставы, якія робяцца пад куратарскім прызорам, прапануюць нам новы і нечаканы погляд на аўтараў, выяўляюць і акцэнтуюць увагу на актуальных тэндэнцыях. Любоў Гаўрылюк арганізавала у 2008 годзе два такія праекты. «Прыватны сектар» у выставачнай зале бібліятэкі імя Пушкіна меў падзагаловак: «Канцэптуальная фатаграфія. Аб’екты». «Максімальна дакладна вызначыць час, месца і стан, якія мы называем прыватнымі», – такая задача была пастаўлена куратарам. Праект «Дзівоснае месца», пабудаваны на аналізе вобразаў Мінска, выклікаў дыскусію на галоўным партале беларускіх фатографаў Zнята. Былі, паміж іншага, водгукі пра цьмянасць вобразаў, няпэўнасць адлюстраванага, якія пасля знаёмства з выставай падаліся несправядлівымі. Экспазіцыя выбудоўвалася тонка і дакладна. Кантрасты і перасячэнні візуальных сістэм розных аўтараў прымушалі задумацца над тым, як мы ўспрымаем гарадскую прастору. Гэта якраз той выпадак, калі экспазіцыя выставы сама становіцца мастацкім творам, здольным уплываць на ўспрыманне і спараджаць новыя сэнсы.
Галерэя NOVA – свайго кшталту «якасны фільтр» фатаграфічнага працэсу – і летась працягвала ініцыяваць цікавыя праекты. Напрыклад – асэнсавання вобраза горада. Праект «Мінскія фатаграфіі. Гараджане» меў два вектары ўвасаблення – выставачны і паліграфічны. Быў выпушчаны фотаальбом, здымкі ў якім адыходзілі ад традыцыі «параднай» рэпрэзентацыі сталіцы. «Мы спрабавалі, – пішуць арганізатары, – разгледзець у сённяшнім Мінску горад, які памятае мінулае, разумее сучаснае і думае пра сваю будучыню».
Знакавай стала выстава ў NOVA, прысвечаная памяці Валерыя Лабко. Слова “вяртанне” з яе назвы – сімвалічнае. Адбывалася вяртанне майстра, які такое велізарнае значэнне надаваў стварэнню школы, у меншай ступені рэалізоўваўся як фатограф. Некаторыя яго творы былі невядомыя нават калегам. “Гісторыю беларускай фатаграфіі найноўшага часу – засведчвае куратар галерэі Уладзімір Парфянок, – можна падзяліць на два перыяды: да Валерыя Лабко – і пасля яго. Ужо ёсць некалькі пунктаў адліку, да якіх можна прывязаць гэтую гісторыю, – не да палітычных падзей, як гэта часта робіцца, а да постацей. Такой асобай быў Ян Булгак, гэткім жа па магутнасці ўплыву, па значнасці ўздзеяння на працэс развіцця быў і Валерый Лабко. Ён быў тым, каго называюць аніматарам: чалавекам, які дае ўсяму жыццё”.
Гендэрная тэматыка вызначыла сэнсавую скіраванасць работ, прадстаўленых на выставе «Жаночы погляд на паўсядзённасць» (галерэя «Універсітэт культуры»). Яе ўдзельнікі – пераможцы міжнароднага конкурсу, дзе былі паказаны творы з сямі краін. Асноўная мэта – прыцягненне ўвагі да фатаграфіі як да мастацтва, што мае «самыя шчыльныя дачыненні з рэчаіснасцю, асабліва – да жаночай, бо менавіта яна найбольш уважліва і пранікнёна даследуе свет».
Даволі папулярным жанрам заставаліся падарожныя нататкі. Польскі інстытут стаў арганізатарам выставы «Кракаўскі дзённік» мінчаніна Сяргея Ждановіча і гродзенца Алега Пятрова. Два востра індывідуальныя погляды на адно гарадское асяроддзе размяжоўвалі будзённае і метафізічнае ўспрыманне горада, насычанае пошукамі «genius loci» ці той няўлоўнай аўры, якая робіць прыцягальнымі старыя гарады. У галерэі «Свет фота» Віктар Жураўкоў паказаў цыкл фатаграфій, зробленых у Чэхіі, – «PRAGA MATER URBIUM, ці Вандроўка за трыдзевяць зямель». Здымкі былі зроблены ў Чэхіі ў 2007 годзе. Цыкл фатаграфій Кірыла Ганчарова быў прысвечаны Амерыцы. Вось меркаванне Андрэя Корбута: «Выстава, хоць яна і выканана ў прывычным жанры “хаджэння за тры мора”, дазваляе выявіць, у якой меры фатаграфія рэагуе на змяненне нашых уяўленняў пра мясцовае/чужое, і як яна адначасова ўплывае на гэтыя змяненні».
Актуальнымі летась былі праекты, у якіх даследавалася існаванне фатаграфіі ў прасторы інтэрнэта. Так, у Музеі гісторыі беларускага кіно праходзіла выстава Максіма Шведа «365 дзён года». Экспазіцыя ўяўляла сабой выбарку фатаграфій з дзённіка ў інтэрнэце, дзе Максім кожны дзень размяшчаў свой лепшы здымак. У галерэі NOVA праходзіла выстава фатаграфій Ксеніі Авімавай (у 2007 годзе яе блог быў прызнаны лепшым у рускамоўным інтэрнэце). У галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі адбылася фотавыстава «Энергія колеру», падрыхтаваная інтэрнэт-парталам Fotoblog.by. Экспазіцыя была разбіта на часткі паводле колеру, які дамінаваў у работах. Творы былі адабраны на шматлікіх інтэрнэт-блогах. Гэты дыялог віртуальнай і рэальнай прастораў адбыўся з мэтай даць магчымасць заявіць пра сябе маладым аўтарам.
Творчая суполка фотамастакоў сталася арганізатарам многіх грунтоўных мерапрыемстваў. Сярод іх два рэгулярныя фотаконкурсы – Drive і «Мая Беларусь» (ладзіцца сумесна з часопісам «Фотомагия»). Выніковая выстава апошняга прайшла ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры, падрыхтаваны альбом-каталог. Папулярнай была такая форма арганізацыі творчага працэсу, як пленэр. Пры канцы чэрвеня на Навагрудчыне прайшоў міжнародны фотапленэр «Сцежкамі Адама Міцкевіча». У акцыі прынялі ўдзел фотамастакі з Беларусі, Літвы і Польшчы. Пленэр, прысвечаны Дню горада, адбыўся ў Полацку. Мастакі з розных рэгіёнаў Беларусі фатаграфавалі горад, людзей, свята, архітэктуру і краявіды. А ў кастрычніку фатографы сабраліся ў нацыянальным парку «Нарачанскі», па выніках пленэру плануецца выстава.
Новая форма экспазіцыйна-выставачнай дзейнасці была прапанавана народным фотаклубам «Мінск» сумесна з Нацыянальным музеем гісторыі і культуры пры падтрымцы Упраўлення культуры Мінгарвыканкама – выставачны фотамарафон «Творчасць без межаў». Акцыя прадугледжвала шэраг персанальных выстаў членаў фотаклуба. Кожная з іх доўжылася тыдзень, а адкрыцці новых экспазіцый адбываліся кожны аўторак.
Першы выпуск спецыялізацыі «Фатаграфіка» адбыўся на кафедры графічнага дызайну Беларускай акадэміі мастацтваў. Выпускнікі паказалі валоданне разнастайнымі прыёмамі апрацоўкі фотавыявы, уменне стварыць як дызайнерскі прадукт, так і завершаную канцэптуальную работу. Сярод дыпломаў пераважалі сацыяльныя праекты, а іх аўтары – усе без выключэння – творцы, здольныя мысліць па-сучаснаму і прафесійна выконваць задачы, якія яны перад сабой ставяць. Тэму занядбанай вёскі, філасофію і жыццёвы ўклад яе жыхароў увасабляла ў сваім праекце Людміла Ралько. Выразнае дызайнерскае вырашэнне, кампазіцыйна прадуманы і лагічна выбудаваны візуальны шэраг уражвалі найбольш – як і сімвалічнае напаўненне работы. Рэкламная здымка адзення, якая даўно перастала засноўвацца выключна на тэхнічных навыках і майстэрстве, а ўключае найперш стварэнне пераканальнага і змястоўнага вобраза, сталася дыпломам Наталлі Коўш. Для кожнай серыі рэкламнага паказу яна падабрала гераіню, прыдумала яе “гісторыю”, выбудавала асяроддзе і антураж. Пётр Овад стварыў абагулены вобраз маладога пакалення. Візуальны шэраг дапаўняўся выказваннямі герояў здымкі – іх жыццёвымі крэда. “Партрэт на фоне” – так называўся фотапраект Юліі Лейдзік. Яго прэзентацыя адбылася неўзабаве ў галерэі “Падземка”. Гэта – разгорнутае ў часе псіхалагічнае даследаванне: аўтарка паказвала субяседніцам падборку жаночых фатаграфій з часопісаў і пыталася: “Якая з іх сядзіць унутры вас? На якую вы падобны? Знешнасць якой вы “апранаеце”, калі ідзяце на важную сустрэчу ці кахаеце? З якой жанчыны вы часта бераце прыклад?” “Праект атрымаўся сумленным, – зазначала Юлія. – Ніхто нікога не змушаў да выбару. Проста ў падсвядомасці кожнай жанчыны ёсць свой тыпаж, ідэал, увасоблены ў нейкай знакамітай асобе, з якой яна адчувае нешта агульнае. Для мяне важным было знайсці “кропку шчырасці”. Падчас гэтай працы я зразумела сэнс прымаўкі “У ціхім балоце чэрці водзяцца”. Жанчына сочыць за жыццём свайго тыпажа, таемна разглядваючы глянцавыя часопісы з выявамі той, якая сядзіць унутры яе і пра існаванне якой ніхто не ведае”. Вынік гэтага візуальна-псіхалагічнага даследавання атрымаўся парадаксальна-нечаканы, каб увасобіць яго, фатограф выкарыстоўвае метад знарочаста-непрафесійнай, аматарскай фатаграфіі. Канстатацыя “у лоб”, без апрацоўкі і кампазіцыйных пошукаў аказалася найбольш адэкватным рашэннем тэмы.
У Галандыі беларуская фатаграфія стала прадметам грунтоўнага аналізу. Праект «За сценамі» рэпрэзентаваў усходнееўрапейскую фатаграфію, зробленую ў перыяд да 1989 года. У Беларусі самымі знакавымі аўтарамі таго часу, на думку замежных куратараў, аказаліся прадстаўнікі мінскай школы.
Назіранне збоку, іншы пункту гледжання, а часта – і здымкі – нараджае новыя ракурсы асэнсавання прывычнага. Выстава бельгійскага фотамастака Філіпа Эрбэ «Зроблена ў Беларусі» сталася для яго свайго кшталту неабходнасцю. «Размова не ідзе пра больш-менш аб’ектыўны фотарэпартаж. Я стараюся аддацца атмасферы краіны і плыні незапланаваных сустрэч. Так што размова хутчэй пра праект, натхнёны самой Беларуссю, які адбыўся ў Беларусі».
На выставе ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, якая праходзіла ў рамках 6-га Міжнароднага тэматычнага выставачнага праекта «Падарожныя нататкі. Еўропа» быў паказаны цыкл фатаграфій шведскага творцы Енца Ластхейма, прысвечаны памежжу. Мяжа паміж Усходняй і Заходняй Еўропай, паводле Енца, існуе на ўзроўні адносін і ўзаемаўспрымання. Ракурсы гэтых твораў вострыя з-за асаблівасцей не толькі здымкі, але і погляду – дзякуючы магчымасці фатаграфіі ў будзённым выяўляць незвычайнае а ў незвычайным - заканамернае.