Белорусская фотография

Вольга аб Вользе, альбо Гісторыі герояў, якіх можна з’есці.

Ольга Бубич из арт-проекта «(Не)известные истории».
Яна спачувае памідору і прымушае хаваць заручальныя пярсцёнкі ў фабрычных пельменях, што развальваюцца на вачах. У ейным свеце кансервы – агідныя пачвары, якія насяляюць кухню, а макарона непарыўна звязана з пытаннем даверу.

У сваёй новай кнізе «(В)ядомыя гісторыі» беларуская паэтка, перакладчыца і навукоўца Вольга Гапеева зноў спалучае тое, што, здавалася б, спалучаць нельга.

Філасофія і паўсядзённасць, Шванкмаер і Фрэйд, сюррэалізм у рондалі. Дзевяць тэкстаў, прысвечаных героям звычайнай кухні, суправаджаюцца здымкамі Вольгі Бубіч, на задумку і рэалізацыю якіх сышло некалькі месяцаў.

Героі, якіх можна з’есці

Мы сядзім у прахалодным паўпустым бары галерэі «Ў» – невыпадкова абкружаныя, у нейкай ступені, героямі Вользіных гісторый. «Якія якасці яна пабачыла б у пыльных бутэльках, што цэлымі днямі напаўляжаць на паліцах пад гукі плаўных мелодый нямоднага chill-out?» – раздумваю я, у той час як Вольга каментуе канцэпцыю новай кніжкі.

«Кніжка называецца «(В)ядомыя гісторыі», прычым «в» узята ў дужкі, што, адпаведна, адразу ж уводзіць нас у модную моўную гульню. З аднаго боку, атрымліваецца, што гэта вядомыя гісторыі, быццам бы спасылка на тое, што там будуць апісаны нейкія рэчы, з якімі кожны з нас сутыкаецца ў паўсядзённым жыцці. Па-другое, гэта ядомыя гісторыі. Штосьці будзе звязанае менавіта з прадуктамі харчавання, ці з тым, што можна неяк з’есці альбо выпіць».

Вольга лічыць, што частае зручнае звядзенне асноўнай ідэі праекта да формулы «ежа + філасофія» на самой справе не зусім дакладнае. Падман хаваецца ў тым, што гісторыі зусім не пра ежу ў ейным побытавым значэнні.

«У маіх гісторыях ежа – гэта героі, якія ўдзельнічаюць у «праекце», – тлумачыць пісьменніца. – Насамрэч яны ўсё ж такі не ежа, а такія існасці, якія мы ўспрымаем як ежу».

«Сама кніжка – гэта не спроба распавесці пра сябе праз ежу, а спроба перш за ўсё зразумець, што ёсць побач са мной. Тое, што прысутнічае ў маім жыцці, на маёй кухні, – што гэта? Ці, можа, хто гэта? Як яны ўздзейнічаюць на маё існаванне, як мы разам суіснуем, як гэта адбіваецца на маім і на іх існаванні. Вось, напрыклад, я спачуваю, калі памідор памірае ў лядоўні…»

Героі, якія паміраюць на тваёй кухні

Нягледзячы на тое, што ў філасофскім сэнсе пачаткам усяго было яйка, у хроніках ядомых герояў тэкстаў Вольгі Гапеевай пратаганістам нумар адзін быў менавіта памідор. Сумная гісторыя яго непрацяглага жыцця і стала для пісьменніцы стымулам для таго, каб больш уважліва прыгледзецца да іншых жыхароў хостэла-лядоўні.

«Аднойчы, пазамінулым летам, на маёй кухні сапраўды ляжаў памідор, ад якога я адрэзала кавалак. На наступны дзень ён, што натуральна для памідораў, крыху скурчыўся, а мяне, у сваю чаргу, чамусьці гэта вельмі ўразіла. Эстэтычна памідор пабачыўся мне нейкім вельмі прыгожым. Ён быў чырвоны, а стаў такі глянцава-белы – прыемнае такое спалучэнне… У гэтым працэсе загнівання памідор прымусіў мяне задумацца над працэсам пражывання ўласнага жыцця. Ты быццам бы глядзіш і назіраеш, як гэтыя прадукты паміраюць хутчэй за цябе, а ты сама, бачучы стан гэтага памідора, пачынаеш думаць, экстрапаляваць на яго свае думкі…»

«Больш за тое, у мяне самой яшчэ было нейкае пачуццё спачування яму, гэтаму беднаму памідору. І ў той жа час ты здзіўляешся, таму што разумееш, што, у прынцыпе, гэта ж ты вінаватая ў такім лёсе памідора, і не хто-небудзь іншы! Але ты чамусьці не адчуваеш сваю віну за гэта».

«Так было напісана апавяданне… А я сама зразумела, што ў гэтым ёсць сапраўды нейкая задумка. Бо амаль кожны прадукт можа быць звязаны з нейкімі роздумамі альбо нават з такім няхілым кавалкам жыцця. Паступова атрымалася 9 гісторый, якія і ўвайшлі ў кніжку «(В)ядомыя гісторыі».

У шырокім сэнсе поле баявых дзеянняў, а менавіта звычайная кухня, на думку Вольгі Гапеевай, з’яўляецца скарбніцай магчымых даследаванняў самага рознага плану: ад урбаністычных да лінгвістычных. Калі ў савецкія часы кухня з’яўлялася бяспечнай прасторай для абмену інфармацыяй і адважнымі ідэямі, то ў сённяшнім свеце яна пакідае за сабой пазіцыі вельмі асабістых, прыватных каардынат, дзе мы ўваходзім у кантакт з тымі самымі «героямі» – істотамі-носьбітамі ўласных характараў, настрояў і гісторый.

Героі, з якіх можна пасмяяцца

Як ні дзіўна, харчовая драма ўсіх дзевяці герояў не ўспрымаецца іхняй аўтаркай у мінорнай танальнасці. На пытанне пра настрой, які, на думку Вольгі, будуць выклікаць «(В)ядомыя гісторыі», пісьменніца адназначна адказвае аптымізмам:

«Эмацыянальная рэакцыя, якую я магу чакаць ад чытача, – гэта, канешне ж, смех, радасць. Я спадзяюся, што знойдуцца людзі, якія змогуць адчуць пэўнае пачуццё гумару, якое ў мяне там ёсць. Спадзяюся, што месцамі яны, як і я, будуць перажываць і спачуваць камусьці».

«Мне здаецца, што «(В)ядомыя гісторыі» – такое прыемнае чытво, у тым сэнсе, што яно напэўна мае прэтэнзію на інтэлектуальнасць, але ў той жа час – на паўсядзённасць.

Гэта тое, што кожны з нас можа знайсці ў сваім жыцці, яно робіць яго бліжэй да чытача ці чытачкі. Таму мне здаецца, што мой тэкст можа пачытаць любы чалавек, пачынаючы ад філосафа і заканчваючы… школьнікам».

Героі, якіх не толькі чутна, але і бачна

Філосафы і школьнікі, на віртуальных паліцах якіх апынуцца «(В)ядомыя гісторыі», могуць не толькі іранічна спачуваць пельменям і памідорам, але і ўбачыць усіх герояў «у твар»: кожную з гісторый суправаджаюць сюррэалістычныя фатаграфіі, выкананыя ў супрацы з Вольгай Бубіч, аўтаркай шэрагу фотапраектаў пра беларускую моладзь, у тым ліку серыі «Alter Locus», прысвечанай беларускім паэтам / паэткам і іх крэслам.

«Я ўжо працавала з Вольгай Бубіч у ейным праекце пра крэсла літаратара «Alter Locus», – распавядае Вольга Гапеева. – І таму, што Вольга сама піша, яна добра адчувае не толькі візуальную карцінку, але і тэкст, і ведае, як можна спалучыць візуальны і тэкставы шэрагі. Таксама для мяне было важна, каб фатограф не толькі разумеў тэксты, а каб быў пэўны імпэт, жаданне сваёй уласнай ідэі. Кніжка ж трошку эксперыментальная, не класічны раман, не класічныя апавяданні. І, канешне, не хацелася рабіць наўпростую ілюстрацыю ў стылі «памідор – гэта памідор».

«Нечаканым вобразам з’яўляецца для мяне менавіта сама вокладка. Фотаздымак алюзіі на макарону мы выбралі за яго канцэнтраванасць і сапраўды нечаканасць. Ну і нам ён здаўся проста прыгожым».

«Канешне, магу сказаць, што для ўсіх здымкаў нам спатрэбілася пэўная доля часу, цярпення, каб усё зрабіць, падрыхтаваць, але ж, напэўна, гэты здымак патрабаваў ад мяне максімальных высілкаў! Вользіна сяброўка, мастачка Мар’яна Карповіч-Сакалова, не толькі пырскала на мае валасы з пульверызатара, каб яны змаглі пралезці ў гэтыя дзюркі друшляка, але ж потым кручочкам іх выцягвала. Усё гэта была проста філігранная праца!»

Героі, якія яшчэ вернуцца…

«Пасля таго як кніжка была скончана, я адчула сапраўды, што не ўсё было сказана, – прызнаецца Вольга, – ёсць яшчэ шмат герояў, пра якіх варта напісаць, якіх варта ўзгадаць. Так што нашым наступным праектам будзе новае выданне – альбо першае папяровае.

Працяг будзе ўтрымліваць не толькі памідоры і макарону, але і розныя відэльцы, сурвэткі. Новая кніга таксама будзе ўтрымліваць фотаздымкі, і, канешне, там будзе не 9 гісторый, а значна больш».

Афіцыянт у хіпстарскай футболцы прыносіць нам тройку маленечкіх канапак, што безабаронна спачываюць на бялюткай талерцы. Хто ведае, можа быць, менавіта ім наканавана паспець падзяліцца з Вольгай гісторыяй свайго мініяцюрнага жыцця, можа быць, менавіта іх акуратнае братэрства – сюжэт для новага алегарычнага тэксту, так падобнага да чыёйсьці, зусім не кухоннай, рэальнасці.

Вольга Бубіч.

Фотоснимки Вольги Бубич из арт-проекта «(Не)известные истории».
Фотоснимки Вольги Бубич из арт-проекта «(Не)известные истории».
Фотоснимки Вольги Бубич из арт-проекта «(Не)известные истории».
Фотоснимки Вольги Бубич из арт-проекта «(Не)известные истории».

пАРТизан. Сентябрь 2013.
Белорусская фотография