Белорусская фотография

Горад, дзе Б’ёрк чуецца «сваёю».

Екатерина Смурага. Ekaterina Smuraga.
pARTisan. №26, 2014
Яблыкі і фальбоны, альбо асаблівасці культурнай неправінцыі Віцебску.

Ва ўніверы нам заўсёды казалі,
што Віцебск знаходзіцца ў асаблівым
энэргетычным месцы.
У свеце гэткіх няшмат.

Вольга Бізікава,
вэб-рэдактарка рэсурсу «Vitebsk4me»


Мы ідзем па адным з буйных сеткавых універмагаў Віцебску і раптам спыняемся, уражаныя. Фатограф Каця Смурага глядзіць на мяне здзіўленымі вачыма: «Ты таксама гэта чуеш? Гэта ж Б’ёрк!» Настрой лёгкага абсурду: пераднавагодняя «паўночная сталіца Беларусі», людзі павольна ходзяць сярод прылаўкаў з печывам і цукеркамі, а з дынамікаў – лірычны матыў, тая, што танчыць у цемры. Можа, разгадка плённага культурнага асяроддзя Віцебску тоіцца дзесьці побач?

Віцебск як іншы культурны асяродак

Культурны асяродак – з’ява грамадская, і дзеля яго фармавання патрабуецца спрыяльная сацыяльная сітуацыя, што ўтвараецца ўстойлівымі кантактамі і рэгулярным ажыццяўленнем прадметнай дзейнасці культурных інстытутаў. Гістарычна Віцебск – радзіма гэткіх з’яваў, як віцебская школа і віцебскі авангард, якія сталіся на пачатку ХХ стагоддзя не толькі транслятарамі новай мовы ў выяўленчым мастацтве, але і яскравым прыкладам незалежных арт-груповак, здатных значна ўплываць на культурны клімат і гарадское асяроддзе.

Сімвалічным ёсць той факт, што рэзананс, выкліканы Віцебскам пачатку мінулага стагоддзя, і ў нашыя дні адчуваецца сапраўды ў сусветным маштабе, а сістэматызацыяй мітаў і загадак віцебскай школы займаецца не адно пакаленне даследчыкаў.

Прыклад даследчыка, які выпадкова закахаўся ў нетурыстычны Віцебск, – французскі гісторык Клер Ле Фоль. Вынікам яе нечаканай навуковай прыхільнасці стала ёмістая манаграфія «Віцебская мастацкая школа (1897–1923)», якая выйшла ў 2007 годзе. У кантэксце названага культурнага феномену даследчыца вылучае гэткіх дзейных асобаў, як Юдэль Пэн і Марк Шагал. Заслуга Пэна палягала не толькі ў тым, што менавіта ён адкрыў у 1882 годзе першую на тэрыторыі Беларусі мастацкую школу, але і ў яго ўменні выхаваць за кароткі пэрыяд часу і пры адсутнасці падтрымкі з боку сапраўдную пляяду геніяльных вучняў: Лазара Лісіцкага, Алексантэры Ахола-Вало, Восіпа Цадкіна, Марка Шагала, Заіра Азгура, Саламона Юдовіна, Давіда Якерсона, Іллю Чашніка і шмат іншых.

Працамі самага ў далейшым слыннага вучня Пэна – Марка Шагала – школа жывапісу была пераўтвораная ў Віцебскую мастацкую вучэльню. На пасадзе ўпаўнаважанага па справах мастацтваў Віцебскае губерні Марку Шагалу ўдаецца атрымаць у таварыства «Віцебскі трамвай» пад патрэбы вучэльні прасторнае памяшканне ў цэнтры гораду, дзе ягоная задума пра стварэнне сістэмы вольных майстэрняў на пэўны час сталася рэальнасцю. У артыкуле «Пра Віцебскую народную мастацкую вучэльню» ў 1919 годзе мастак піша: «Мары пра тое, каб дзеці гарадской бядноты, якія дзесьці па дамах з любасцю пэцкалі паперу, прылучыліся да мастацтва, увасабляюцца… Мы можам сабе дазволіць раскошу “гуляць з агнём”, і ў нашых сценах прадстаўленыя і функцыянуюць свабодна кіраўніцтвы і майстэрні ўсіх кірункаў ад левага да правых уключна».

Заручыўшыся падтрымкаю ўладаў і прапісаўшы ў праграме школы «аздабленне гораду» як адну з яе асноўных функцый, мастацкая вучэльня Марка Шагала сталася эпіцэнтрам культурнага асяроддзя Віцебску. Студэнты не толькі авалодвалі тэорыяй, удзельнічаючы ў філасофскіх дыспутах і выставах – абмеркаваннях працаў вучняў і выкладчыкаў, але і выкарыстоўвалі атрыманыя веды на практыцы, актыўна мадыфікуючы гарадскі асяродак: вырабляліся плакаты, рэкламныя шыльды, тэатральныя дэкарацыі.

Гарадская палітра сімвалаў

Апісваючы ўражанні ад Віцебску 1920-х, рэжысёр Сяргей Эйзенштэйн прыгадвае: «Дзіўны правінцыйны горад. Як шмат якія гарады Заходняга краю – з чырвонай цэглы. Закуранай і тужлівай. Але гэты горад асабліва дзіўны. Тут галоўныя вуліцы пакрытыя белаю фарбай па чырвоных цаглінах. А па белым тле разбегліся зялёныя кругі. Аранжавыя квадраты. Сінія прастакутнікі. Гэта Віцебск 1920 году. Па цагляных яго сценах прайшоўся пэндзаль Казімера Малевіча. “Плошчы – нашыя палітры!” – гучыць з гэтых сценаў».

Сёння, амаль праз 100 гадоў, стрыт-арт Віцебску не толькі не страчвае сваёй актуальнасці, але і абсалютна дакладна набывае новыя формы і сюжэты. Студэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту Максім Самасевіч з афіцыйнага дазволу мясцовых уладаў распісвае жылыя і закінутыя будынкі гораду графіці, памеры якіх даходзяць да 20 метраў у вышыню. Максім не ўпэўнены, што багатае культурнае мінулае Віцебску робіць вялікі ўплыў на ягоную ўласную творчасць. «За час, які прамінуў з тых дзён, вельмі шмат чаго змянілася, свет напаўняецца інфармацыяю, якая літаральна штодзень л’ецца цераз край», – заўважае мастак.

Аднак дзе, як не ў Віцебску, родным горадзе Марка Шагала, маглі з’явіцца сюррэалістычныя графіці з выявамі мудрых старых, што адлятаюць у неба з вясковаю хаткай, птушкамі і садам пад пахаю?

Лірычна-патрыятычныя графіці Максіма Самасевіча – сёння цалкам натуральная частка мясцовай гарадской культуры, выдатныя мясціны Віцебску, якія з гонарам дэманструюць прыезджым, праводзячы іх пешаходнымі вуліцамі міма стэндаў з магніцікамі, на якіх намаляваныя шагалаўскія закаханыя ў небе.

Цікава, што пры выбары сюжэтаў для сваіх вулічных замалёвак Максім актывізуе менавіта нацыянальны арсенал сімвалаў. Мастак тонка ўплятае ў адзін вобраз сучасную пластыку вулічнага малюнку і старажытную сімволіку, узятую з ткацкіх арнаментаў. Напрыклад, на крылах птушак (адзін з самых папулярных вобразаў у творчасці Самасевіча) нязменна прысутнічаюць стылізаваныя знакі культу продкаў і сонца, арнаменты, што азначаюць гармонію, у некаторых выпадках малюнак дублюецца больш зразумелым для гледача вербальным паведамленнем, падобным у чымсьці па прастаце падачы да лозунгаў 1920-х гадоў. Настальгія па страчанай блізкасці да прыроды, туга па яднанні гарадскога чалавека з натуральным неўрбаністычным асяроддзем, жаданне здабыць сябе праз выяву палёту ці, наадварот, праз «урастанне» ва ўласнае мінулае, вяртанне да продкаў – усе гэтыя тэмы самым элегантным і шчырым спосабам нараджаюцца ў працах віцебскага мастака, запаўняючы пустыя палотны сценаў, платоў і нават камянёў.

Модныя людзі

Яшчэ адным з асноўных пытанняў, на якія не можа даць адназначны адказ ніводны мастацтвазнаўца, з’яўляецца праблема «эмацыйна-геаграфічных» падставаў узнікнення феномену віцебскай мастацкай традыцыі. Да абгрунтавання мажлівае прычыны прыходзіць Клер Ле Фоль, з’вязваючы фармаванне і папулярнасць віцебскае школы з габрэйскаю праблематыкай і нагадваючы, што напрыканцы ХІХ – на пачатку ХХ стагоддзя габрэйская супольнасць складала больш за палову насельніцтва гораду. Так, школа сталася вельмі лагічным вынікам гістарычнага развіцця Віцебску, адначасова з’яўляючыся важнаю часткай габрэйскае гісторыі ў Беларусі.

Французскі гісторык адзначае, што ў Заходняй Еўропе асіміляцыя габрэйскага насельніцтва адбылася нашмат раней і ў больш інтэнсіўным тэмпе. І калі, напрыклад, у Францыі габрэі бачылі сябе, хутчэй, «французамі з юдзейскім веравызнаннем», то ў Беларусі і Расеі яны заставаліся асобнаю нацыяй.

І калі Віцебск, убачаны ў 1920-я гады рэжысёрам Сяргеем Эйзенштэйнам, – гэта найперш палітра творчага дыялогу мастака і гораду, вынік бурлівага прагрэсіўнага экспэрыменту, то атмасфера, у якую акунуўся расейскі пісьменнік Іван Бунін, што наведаў горад упершыню ў 1889 годзе, зрабіла на яго ўражанне, хутчэй, эстэтычнага характару: «У Віцебск я прыехаў увечары. Вечар быў марозны, светлы. <…> На галоўнай вуліцы было гулянне – павольна рухаўся па ходніках густы натоўп поўных дзяўчатаў, убраных з правінцыйнаю пышнасцю ў аксамітавыя тоўстыя футрачкі, ліловыя, блакітныя і гранатавыя. За імі, але сціпла, асобна ішлі маладзёны, усе ў кацялках, але таксама з пэйсамі, з дзявочаю лагоднасцю і круглявасцю ўсходне-цукерачных твараў, з шаўкавістаю юнацкаю апухай уздоўж шчокаў, з млявымі антылопавымі позіркамі… Я ішоў як зачараваны ў гэтым натоўпе, у гэтым у такой ступені старажытным, як мне падавалася, горадзе, ува ўсёй ягонай навізне для мяне».

І сёння тэма «прыгожага Віцебску» з’яўляецца актуальнаю для візуальных даследаванняў мясцовых мастакоў. Напрыклад, праз прызму іранічна-гуллівага стаўлення да моды фатографка і дызайнерка адзення Таццяна Лісоўская працуе са «сподам і верхалам» свету правінцыйнага гламуру. У працах Таццяны маладыя дзяўчаты і хлопцы, пазбаўленыя лжывае сарамлівасці альбо празмернага самалюбавання, пазуюць перад камераю такім чынам, нібы глядзяцца сам-насам у люстэрка ўтульнае лазенкі. Таццяна свядома выбірае дзеля даследавання тэмы прыгажосці адзін з самых традыцыйных відаў аналагавае фатаграфіі – цыянатыпію – метад, пры якім апрацоўка знятага матэрыялу пры дапамозе адмысловых хімікатаў дае характэрны сіні колер выявы. Дзякуючы наўмыснай фармальнай недасканаласці адбіткаў, змястоўна гламурны жанр здымкаў адзення і ўбранага ў яго чалавека пазбаўляецца ад штучнага, навязанага грамадствам флёру таго, што прынята лічыць модным.

У сініх картках фармату звычайнае кнігі Таццяна нібы пытаецца ў гледача: «А што, калі гэта будзе выглядаць такім чынам? Ці будзе гэта прыгожа? Ці назавеш ты гэта модным?»

Акрамя незвычайнага сінтэзу цыянатыпіі і фэшн-індустрыі ў серыі «Модныя людзі» Таццяна ў тандэме з фатографам і ініцыятарам «Віцебскіх фотамайстэрняў» Аляксандрам Веледзімовічам здымае сэрыю дызайнэрскае сподняе бялізны ў дэкарацыях несарамлівай правінцыі. Сподняя бялізна з гіпербалізаванымі атрыбутамі жаноцкасці ў выглядзе шматлікіх банцікаў, карункаў і брыжаў змяшчаецца ў больш чым рэальнае асяроддзе яе непасрэднага выкарыстання: шыкоўныя кабеты пазуюць на непрыбраных пасцелях у пакоях са шпалерамі ў кветачку ці на даўно не беленых савецкіх гаўбцах.

Так, серыя «Вершы для паненкі без сукенкі» становіцца яшчэ адною іранічнай гульнёй у «модку», своеасаблівым зазямленнем таго, што на рэкламных плакатах бачыцца высокім, напамінам пра тое, што значэнне вызначаецца сярод іншага кантэкстам. А кантэкст менавіта ў гэтай гісторыі – крохкая шчырая правінцыя гарадку з насельніцтвам у 400 тысячаў. Абсалютна спецыфічнае ашчаднае стаўленне да гэтай правінцыі мясцовыя мастакі і фатографы не толькі не тояць, а фактычна ператвараюць ва ўласны брэнд.

Яблыкі і фальбоны

Што змянілася ў Віцебску з таго дню, калі яго заспеў «правінцыйна-пышным» аўтар знакамітых «Антонаўскіх яблыкаў» і «Граматыкі кахання»? І сёння віцябляне гэтак жа здзяйсняюць праменад па брукаваным пешаходным цэнтры, удыхаючы марознае паветра з Заходняе Дзвіны альбо грэючыся каваю і шахматамі ва ўтульных рэстаранных лакацыях. Цікава, што, у адрозненне ад «прагрэсіўнага» насельніцтва іншых несталічных гарадоў, якое песціць сярод прыярытэтных сацыяльных памкненняў перамяшчэнне ў вялікія гарады, часцяком саромеючыся свайго паходжання, віцябляне не толькі не бянтэжацца, а і смела змяшчаюць правінцыйнасць у цэнтр сваіх візуальных даследаванняў. Менавіта правінцыйнасць, на думку Аляксандра Веледзімовіча, – адна з адметных рысаў візуальнага асяроддзя «паўночнага Парыжу», тэма, з якою глядач нязменна сутыкаецца, разглядаючы здымкі, выкананыя такімі маладымі віцяблянамі, як Кацярына Смурага, Ігар Нетабак, Таццяна Лісоўская і Валерыя Каржуева.

У лекцыі, якую ініцыятар і выкладчык «Віцебскіх фотамайстэрняў» Аляксандар Веледзімовіч прачытаў у менскай арт-прасторы «ЦЭХ» у лістападзе 2013 году, «правінцыйнасць» і «адсутнасць баязлівасці ў працы з сырым дакументальным матэрыялам» не раз былі названыя як спецыфічныя рысы маладой віцебскай фатаграфіі. Аўтары, у большасці самавучкі, фіксуюць у сваіх працах фрагменты хатняга, знаёмага кожнаму з нас свету дачных пакояў і бабульчынага саду. Віцебскія мастакі ствараюць новую для беларускага візуальнага асяродку мову сімвалаў – сацыяльна-культурных знакаў, надзяляючы істотнасцю прадметы, якія іншымі аўтарамі, пэўна, свядома былі б выгнаныя з кадру з прычыны іх відавочнае штодзённасці.

Сімвалы, што перамяшчаюцца з фатаграфіі ў фатаграфію, транслююць культурны досвед беларускай правінцыі, іхні змест пазнаецца інтуітыўна, аднекуль з глыбіняў калектыўнага бессвядомага: яблыкі ў цэлафанавым пакеце ў руках дзяўчынкі, савецкія шпалеры, фальбоны на летніх сукенках, нітачкі, завязаныя на запясці. Усе гэтыя дэталі здольныя не толькі распавесці пра жыццё людзей у горадзе над Дзвіною значна болей за якія заўгодна гістарычныя опусы, але й выклікаць невытлумачальныя логікаю суперажыванне і настальгію.

Так, віцебскае візуальнае асяроддзе ператвараецца ў спосаб надзейнай кансэрвацыі культурнай памяці постсавецкага пакалення правінцыялаў, якія не саромеюцца сябе. Стаўленне, якое сапраўды хочацца запазычыць, набыўшы здольнасць прызнаваць і любіць сябе – з брыжамі на фіранках і яблыкамі з бабульчынага саду. У горадзе, дзе нават Б’ёрк у супермаркеце чуецца «сваёю».

Фотаздымак Кацярыны Смурага
Фотаздымак Кацярыны Смурага
Фотаздымак Леры Каржуевай
Фотаздымак Леры Каржуевай
Фотаздымак Таццяны Лісоўскай
Фотаздымак Таццяны Лісоўскай
Фотаздымак Таццяны Лісоўскай
Фотаздымак Таццяны Лісоўскай
Фотаздымак Ігара Netabak
Фотаздымак Ігара Netabak
Фотаздымак Аляксандра Веледзімовіча
Фотаздымак Аляксандра Веледзімовіча
Белорусская фотография