Што робіць фатаграфія? Яна сапраўды раскрывае нябачнае, або свет іншы. […] Іканічная ўлада цалкам выяўляецца менавіта ў фатаграфіі, гэтым лаўцы ценяў.
Алена Пятроўская «Тэорыя вобраза»
Творчасць беларускага фотамастака Сяргея Ждановіча – адзін з рэдкіх у нашай краіне выпадкаў філіграннай працы з тонкімі матэрыямі як вобраза, так і слова.
У «наборы» з ёмістым візуальным выказваннем кожнай з 15 персанальных выставаў аўтара – канцэптуальны вербальны даведнік, які набліжае да ўсіх тых інтэлектуальных пошукаў, якія папярэднічалі экспазіцыі. Квінтэсенцыя зафіксаванага моманту рэфлексіі – ужо пазнавальныя вобразы і назвы праектаў Сяргея: «Страчаная прастора», «Калекцыя сноў», «Захоўваючы маўчанне», «Іншы горад» і г. д.
Яго апошняя выстава з лацінскай назвай «INCERTUM» («Нявызначаныя») прайшла ў апошнія месяцы 2013 года ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, стаўшы яшчэ адной падставай угледзецца больш пільна ў прывідныя і сапраўды ірэальныя светы чалавека, які спрабуе лавіць цені.
«Pertetum silentium»
Значная частка фатаграфічных праектаў Сяргея Ждановіча прысвечана даследаванню паняцця прасторы. Знакава, што прастора ў працах фотамастака часта – сутнасць своеасаблівай абязлічанай геаграфіі, кантакт з «рэальнасцю» на бяспечнай адлегласці, калі горад, вуліца, недакладныя архітэктурныя збудаванні – аб’ектыўна няісны свет, «адсутная прысутнасць» якога сапраўды можа быць вызначана толькі як «нявызначаны».
Сяргей назірае і карпатліва фіксуе малюнак светлаценю сырога горада, што знаходзіцца на дыстанцыі, такім чынам задае адкрытыя пытанні і дзеліцца выключна персанальным досведам маршрутаў і разважанняў.
«Я ставіў акцэнт на візуальным, на стане і адчуванні прасторы – на тым, што, у цэлым, называюць метафізікай, – распавядае Сяргей. – На мой погляд, візуальныя вобразы глыбей успрымаюцца без цэтлікаў, у арыгінале. Ці ёсць там чалавек? Часам сустракаецца. Але людзі не прыцягваюць маю ўвагу. Хутчэй, гэта індывідуальны дыялог з прасторай, мая рэфлексія з нагоды таго, што адбываецца, з нагоды наваколля».
Паняцце «нявызначанага», вынесенае Сяргеем Ждановічам у назву выставы, з’яўляецца не толькі фармальным ключом да разумення візуальнага складніка, але і словам, якое выразна адлюстроўвае філасофскую пазіцыю аўтара. Якая ступень дакладнасці, «пэўнасці» можа быць выяўлена ў святле як неабходным кампаненце стварэння фатаграфічнага малюнка, інструмента здабыцця аб’ектам формы і аб’ёму? Наколькі дакладна здольны зафіксаваць гэты аб’ект фатограф?
Ці магчымы наогул «пэўны» дыялог паміж надрукаваным малюнкам і чалавекам, які сузірае яго, якога запрашаюць «перамясціцца ў вобраз прапанаванай прасторы, у няпэўную рэальнасць іншага»?
«Фатаграфія не праўдзівая. Гэта тое, што, магчыма, было, а магло і не быць, але існуе як дадзенасць. Яна, як і сон, выклікае адчуванне, што ты гэта ўжо аднойчы бачыў, нават калі глядзіш на яе ў першы раз. Усё магло б быць так, як мы можам сабе гэта ўявіць», – каментуе Сяргей адну са сваіх фатаграфічных серый.
Цікава параўнаць 35 чорна-белых фатаграфій «Incertum», заяўленых Сяргеем як «адхілены погляд на рэальнасць, без канстатацыі месца і часу фатаграфаваных аб’ектаў», з іншым яго праектам – «Старонкі з дзённіка», дзе подпісы-каментары да кожнай з прац, аднак, максімальна далёкія ад сваёй фармальнай функцыі метак альбо «цэтлікаў» і зусім не прызямляюць іх змест.
Нават забяспечаныя подпісамі, фатаграфіі «Старонак з дзённіка» гранічна і проста не паказваюць нічога. Быццам бы вынікаючы з апісанага даследніцай Мары Жазэ Мондзен у працы «Апавяданні пра прывіды» прынцыпу «эканоміі», дзённікавыя запісы беларускага фотамастака толькі візуальна ўяўляюць нейкі фармальны тэмпаральны план, прапаноўваючы нам уключыцца ў сістэму ўзаемадачыненняў, праз апрапрыяцыі якой нейкае нябачнае, залімітавае, маўклівае мае магчымасць стаць візуальна даступным.
Іншыя «пакоі»
Хоць сам Сяргей Ждановіч і вызначае сваю базавую творчую пазіцыю як «мастак, які працуе з фатаграфіяй як відам мастацтва», ягоная дзейнасць у галіне канструктыўнага самапазнання гэтым не абмяжоўваецца. Аўтар таксама займаецца прасторавай інсталяцыяй, мультымедыя і даволі рэдкай для Беларусі практыкай – перформансам.
«З розных прычын шмат хто сёння звяртаецца да фатаграфіі, – адзначае Сяргей, – хтосьці пазіцыянуе сябе як аб’ектыўны фатограф, хтосьці займаецца “фотамастацтвам” – тое, што на Захадзе вызначаецца як жанр “Calendar Art”. Тут цікавым момантам для мяне з’яўляецца асабісты статус (кім аўтар сябе лічыць), і гэта для мяне шмат пра што сведчыць – пра амбіцыі, веды, адукацыю. Мяне самога ў нейкі момант сталі больш цікавіць візуальныя віды мастацтва, чымсьці выяўленчыя.
Навошта скоўваць сябе рамкамі, калі для рэалізацыі табе патрэбны толькі гук, відэашэраг, аб’екты рэдзі-мэйду, тэкст альбо фотавыява?
Працуючы з ідэяй, аўтар сам выбірае сродкі і шляхі рэалізацыі. У перформансе, напрыклад, мне падабаецца прамое дзеянне, працэс стварэння і рытуальны складнік таго, што адбываецца. Пэўныя ідэі можна рэалізаваць толькі дзеяннем альбо іх паслядоўнасцю, дзе сэнс выяўляецца толькі ў жывым выкананні. Ёсць рэчы, якія няма сэнсу нават дакументаваць, а трэба бачыць ужывую, чуць, адчуваць, узаемадзейнічаць».
У якасці прыкладу рэалізаваных перформансаў Сяргей Ждановіч прыводзіць свой выступ на фэсце «Navinki» у 2011 годзе, дзе ім быў прадстаўлены праект «Camera Obscura» – «інсталяцыя з прамой фатаграфіяй і сегментам рэальнасці». Як і фатаграфічныя серыі апошніх гадоў, «Camera Obscura» прысвечана даследаванню прыроды выявы і прынцыпаў яе фіксацыі. У гэты раз аб’ектам увагі мастака стаў «папярэднік» фатаграфіі – апарат «камера абскура», а сам перформанс заключаўся ў арганізацыі непасрэдных маніпуляцый па фіксацыі рэальнасці «тут і цяпер» з дапамогай старамодных механізмаў: «На фестывалі я рабіў адну з рэалізацый актуальнай для мяне каля-фатаграфічнай ідэі. Ужывую сабраўшы камеру абскура з падручных матэрыялаў, далей я стаў адным з персанажаў у яе адлюстраванні».
Аўтарская трактоўка праекта пра «цёмны пакой» канстатуе: «Усё адбываецца тут і цяпер, малюнак змяняецца ў часе, як і сама рэальнасць. Тады як фотавыява ёсць толькі стоп-кадр, мёртвая форма, архіўнае адлюстраванне часовага адрэзка. Фотавыяву (фатаграфію) стварае Аўтар, малюнак у камеры-абскуры стварае навакольная рэальнасць».
Гуляючы ў лялькі
Іншы значны праект – (каля) перформанс Сяргея Ждановіча – вынік творчага супрацоўніцтва з «піянеркай беларускага перформанса і акцыянізму» (як вызначае яе сам фотамастак), аўтаркай філасофскіх тэкстаў пра сучаснае мастацтва, паэткай і мастачкай Людмілай Русавай. Сяргей распавядае, што ідэя «Гульні ў лялькі» належала менавіта Людміле, якая і запрасіла яго паўдзельнічаць у якасці фатографа, узяўшы на сябе абавязкі па здымках, складанні серыі і аўтарскім друку. Сама Людміла забяспечвала тыя аспекты, якія тычыліся непасрэднай арганізацыі самога перформансу: мадэль, манекен, антураж.
Сяргей успамінае: «Калі Русава нешта рабіла (быў гэта перформанс, выстава ці акцыя), то гэта сапраўды была падзея. Для мяне і для многіх у 1990-я Людміла была персонай адмысловай павагі і шанавання. Просталінейная, бескампрамісная, у чымсьці не па-мясцоваму эпатажная. Наш праект «Гульня ў лялькі” меў дзве рэалізацыі: у галерэі «Nova» для дасведчанай менскай публікі і ў піцерскай галерэі «Photoimage», дзе аўдыторыяй былі, хутчэй, фатографы. Таксама былі прадстаўленыя тэксты, напісаныя Людмілай, і зняты мною дадатковы відэашэраг».
Фатограф распавядае, што сам праект рабіўся дастаткова доўга, амаль паўгода, і ўяўляў сабой серыю перформансаў, сцэнарыі якіх абмяркоўваліся, а пасля здымаліся ў кватэры-майстэрні Людмілы без прысутнасці гледачоў.
«У нас не было мэты зрабіць класічны перформанс і яго падрабязна зафіксаваць. Гэта не рэпартаж і не дакументацыя. Мы «здымалі поўнаметражны фільм», дзе былі важнымі пастановачныя планы, паслядоўнасць, мантаж, як у сэнсе ідэі, так і візуальнага шэрагу», – тлумачыць ён. – «На наступным этапе мы працавалі асобна. Люда пагрузілася ў тэксты, а я – у друк фатаграфій і складанне серыі. Відэа здымалі як дадатак да экспазіцыі напрыканцы, калі праект ужо быў практычна скончаны».
Усе фатаграфіі ў серыі пранумараваныя, як старонкі ў кнізе, і маюць выразную паслядоўнасць. Г. зн. у серыі вядзецца апавяданне (пралог – кодэкс – эпілог). Сам перформанс рабіўся як выстаўны праект і, каб суцэльна яго ўспрыняць, трэба глядзець усю серыю цалкам, чытаць тэкст і глядзець відэа.
Сяргей Ждановіч таксама адзначае, што ў знятым відэа чутны незвычайны гук – аднастайны скрыгат крэсла, на якім у перформансе сядзеў манекен-двайнік. «Людміла штурхала гэтае крэсла перад сабой, здабываючы з яго гук, які адначасова нагадваў стогн, чыгуначны гул і працу канвеера.
Гэта была прыгожая знаходка, і, з прычыны нон-стопавага паказу пяціхвіліннага роліка, гледачы ад пастаяннага манатоннага сігналу пагружаліся ў транс».
Як у фатаграфіі, так і ў іншых жанрах, з якімі працуе Сяргей Ждановіч, яго ўлюбёнай тэмай заўсёды застаюцца пошук і мадэляванне чыстых, безадносных прастор, фіксацыя нябачнага, быццам бы адчувальнага толькі інтуітыўна, звыштонкага вобраза. Чагосьці, што застыла на мяжы сну і абуджэння, – горада, надзейна схаванага ў аб’ектыве камеры абскура альбо на старонках асабістага дзённіка памяці. Рэальнасці, у якой больш рэальнай становіцца не сам аб’ект, а ягоны цень.